Беларуская Служба

Польшча ўнесла ў санкцыйны спіс усіх дэпутатаў беларускага парламента

29.05.2023 15:03
Cанкцыі ахапілі, між іншым, 365 грамадзян Беларусі, а таксама 20 арганізацый.
Сцяг Польшчыfreestocks-photos/pixabay.com/CC0 Public Domain

У сувязі з тым, што беларускі суд пакінуў у сіле драконаўскі прысуд Анджэю Пачобуту і рэпрэсіямі беларускіх уладаў супраць палітычных апанентаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы пастанавіў унесці 365 грамадзян Беларусі ў спісы замежнікаў, знаходжанне якіх на польскай тэрыторыі непажаданае. Гэтым асобам забаронены ўезд у Шэнгенскую зону, а іхныя актывы ў ЕС замарожаныя, чытаем у заяве польскага МУС.

Акрамя таго, Польшча пастанавіла замарозіць сродкі і эканамічныя рэсурсы 20 арганізацый і 16 асоб, звязаных пераважна з расійскім капіталам. Абмежаванні датычаць 365 грамадзян Беларусі, у тым ліку 159 парламентарыяў. Апошнія дэпутаты беларускага парламента ўжо раней былі ўнесеныя ў польскі санкцыйны спіс. Такім чынам, санкцыі ўжо распаўсюджваюцца на ўсіх дэпутатаў беларускага парламента.

Абмежаванні таксама распаўсюджваюцца на суддзяў (76 чалавек), пракурораў (7 чалавек), прадстаўнікоў мясцовай улады (32 чалавекі), службовых асоб і супрацоўнікаў праваахоўных органаў (28 чалавек). У спісе апынуліся прозвішчы прадстаўнікоў беларускіх рэжымных СМІ, якія займаюцца прапагандай (23 чалавекі), спартоўцаў і спартовых актывістаў (24 чалавекі), супрацоўнікаў беларускіх установаў, установаў і дзяржаўных прадпрыемстваў (8 чалавек), асобаў, актыўных у галіне культуры і навукі (8 чалавек).

Акрамя таго, у спіс трапілі прадпрымальнікі, звязаныя з расійскім капіталам. Гэта 15 грамадзян Расійскай Федэрацыі і адзін беларус. Пад санкцыі таксама трапілі 20 суб'ектаў гаспадарання (19 звязаных з Расіяй і адзін – з Беларуссю). Гэтыя людзі падтрымлівалі беларускі рэжым, а таксама ўдзельнічалі ў легітымізацыі і падтрымцы рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў у Мінску. Яны таксама адказныя за палітычна матываваны прысуд Анджэю Пачобуту, вынесены паводле ілжывага абвінавачання.

Унесеныя ў спіс асобы таксама адказваюць за пераслед беларусаў, якія ўдзельнічалі ў дэмакратычных акцыях пратэсту, дыскрымінацыю польскай меншасці ў Беларусі і знішчэнне польскіх могілак і помнікаў у Беларусі.

Пад абмежаванні трапілі таксама асобы, адказныя за арганізацыю нелегальнай міграцыі ў Польшчу і краіны Балтыі.

gov.pl/аз

Алесь Зарэмбюк: Лукашэнка разумее толькі мову сілы

29.05.2023 11:01
Таму, паводле старшыня Фонду «Беларускі дом», санкцыі Захаду супраць Беларусі неабходныя.