Беларуская Служба

М.Вонсік: «Колькасць спробаў перасячэння польска-беларускай мяжы за адзін тыдзень цяпер складае каля 200. Гэта сапраўды мала»

05.10.2023 09:32
Намеснік міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Мацей Вонсік сказаў, што польска-беларуская мяжа ахоўваецца найлепш ва ўсёй Шэнгенскай зоне.
-
Віцэ-міністр унутраных спраў і адміністрацыі Мацей ВонсікPR1

Госць Польскага радыё Мацей Вонсік (Maciej Wąsik) падкрэсліў, што цяпер «балканскі шлях» падвяргаецца найбольшаму ціску нелегальнай міграцыі, у той час як у Польшчы значна паменшала колькасць спробаў перасячэння мяжы.

«Велізарная праблема ў Харватыі, вялікая праблема ў венграў – гэта з-за агрэсіўнасці мігрантаў з суседніх краін. А адтуль ідуць праз Славакію, Чэхію і Аўстрыю. Таму Польшча ўвяла часовы кантроль на мяжы са Славакіяй», – сказаў намеснік кіраўніка МУС.

«Колькасць спробаў перасячэння польска-беларускай мяжы за адзін тыдзень цяпер складае каля 200. Гэта сапраўды мала. На сербска-венгерскай мяжы іх каля 4 тысяч», – адзначыў Мацей Вонсік.

Намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі падкрэсліў, што гарантам бяспекі ў Польшчы з'яўляецца не толькі плот на мяжы, электронны брандмаўэр, датчыкі руху і камеры, але перш за ўсё афіцэры. Мацей Вонсік сказаў, што сёння парадак на польска-беларускай мяжы забяспечваюць 11 тысяч чалавек.

яс