Беларуская Служба

Прэзідэнт Анджэй Дуда прызначыў урад прэм'ер-міністра Дональда Туска

13.12.2023 09:58
Падчас цырымоніі ў прэзідэнцкім палацы прэмʼер-міністр, віцэ-прэмʼеры і міністры прынеслі прысягу прэзідэнту.
  .
Новы польскі ўрад.Фота: PAP/Paweł Supernak

Новыя члены Рады міністраў атрымалі ад прэзідэнта граматы аб назначэнні.

Віцэ-прэмʼерамі будуць Уладзіслаў Касіняк-Камыш і Кшыштаф Гаўкоўскі. Першы таксама будзе міністрам нацыянальнай абароны, а другі – міністрам аблічбоўкі. Адам Боднар стаў міністрам юстыцыі, Агнешка Бучыньска будзе міністрам грамадзянскай супольнасці і старшынёй Камітэта грамадскай карысці. У сваю чаргу кіраўніком Міндзяржмаёмасці стаў Барыс Будка.

Міністрам прамысловасці прызначана Мажэна Чарнэцка, міністрам фінансаў стане Анджэй Даманьскі, міністрам сямʼі, працы і сацыяльнай палітыкі – Агнешка Дземʼяновіч-Бонк, міністрам клімату і навакольнага асяроддзя – Паўліна Хенінг-Клоска, а Кшыштаф Гетман будзе адказваць за Міністэрства развіцця і тэхналогій.

Марцін Кервіньскі стаў міністрам унутраных спраў і адміністрацыі, Дарыюш Клімчак – міністрам інфраструктуры, а Катажына Котула – міністрам роўнасці. Ізабэла Лешчына ўзначаліць Міністэрства аховы здароўя, Славамір Нітрас – Міністэрства спорту і турызму, Барбара Навацка – Міністэрства адукацыі.

Мажэна Окла-Дрэўновіч была прызначана міністрам палітыкі ў адносінах пажылых людзей, Катажына Пэлчыньска-Налэнч – міністрам рэгіянальнай палітыкі, Чэслаў Секерскі будзе адказваць за Міністэрства сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі.

У склад урада таксама ўвайшлі міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Бартламей Сянкевіч, міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі, міністр па справах Еўрасаюза Адам Шлапка і міністр навукі Дарыюш Вечорэк.

Учора вечарам Сейм прагаласаваў за вотум даверу кабінету парламенцкай большасці. Дональд Туск быў абраны прэмʼер-міністрам. Раней дэпутаты адмовілі ў вотуме даверу ўраду прэмʼер-міністра Матэвуша Маравецкага.

Прэм’ер-міністр Дональд Туск адпраўляецца сёння ў Брусель на саміт Еўрасаюз – Заходнія Балканы. На заўтра і паслязаўтра запланаванае паседжанне Еўрапейскай рады.

IAR/нг