Па выніках дабрачыннага збору Фонд «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» (Wielka Orkiestra Świątecznej Pomocy) плануе набыць абсталяванне для 15 пульманалагічных аддзяленняў для дзяцей і 49 аддзяленняў для дарослых. Сёлетні 32 фінал праходзіць пад лозунгам: «Лёгкія пасля пандэміі. Граем для дзяцей і дарослых».
Фонд хоча набыць, у тым ліку, апараты магнітна-рэзананснай і ультрагукавой дыягностыкі, партатыўныя спірометры, бранхаскопы, а таксама абсталяванне для лёгачнай рэабілітацыі, якое выкарыстоўваецца ў тэрапіі пацыентаў пасля трансплантацыі лёгкіх.
Дoктар Бэата Райба, маці неданошанага дзіцяці, якому дапамагло абсталяванне, набытае «Вялікім аркестрам святочнай дапамогі», лічыць, што людзі бачаць, што дапамога гэта каштоўнасць, і таму масава робяць ахвяраванні для «Аркестра».
- Насамрэч, кожны ў пэўны моманты скарыстаецца абсталяваннем, якія купіў «Вялікі аркестр», а калі не ён асабіста, то яго блізкія. Гэта грандыёзная справа. Маю дачку ўратавалі, але раней тысячы палякаў кінулі грошы ў баначку. Звычайны манітор каштуе $10 тыс., аднак нягледзячы на гэта, абсталяванне атрымліваюць многія шпіталі. Гэта адбываецца таму, што мы ўсе робім ахвяраванні ў гэтую скарбонку.
У мерапрыемстве прымаюць удзел 120 тысяч валанцёраў, якія на вуліцах гарадоў, мястэчак і вёсак збіраюць ахвяраванні ў спецыяльныя скарбонкі. У многіх гарадах ладзяцца сёння канцэрты і іншыя мерапрыемствы, а прыбытак з іх будзе перададзены Фонду «Вялікі аркестр святочнай дапамогі». Запушчаны таксама е-скарбонкі, праводзяцца аўкцыёны лотаў, ахвяраваных вядомымі людзьмі і звычайнымі грамадзянамі. У акцыю ўключаюцца шматлікія арганізацыі.
Сёлета пасля васьмігадовага перапынку да акцыі далучылася Польскае войска. Галоўнае камандаванне Родаў Узброеных Сіл прапануе магчымасць паўдзельнічаць у фотасесіі, падчас якой фатограф у адным самалёце фатаграфуе іншыя самалёты падчас палёту.
Фінал акцыі шырока асвятляецца па радыё і тэлебачанні.
Дабрачынная акцыя «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» выйшла за межы Польшчы і праходзіць у 29 краінах свету.
яс