Беларуску Лізу згвалтавалі ў цэнтры Варшавы. Праз некалькі дзён дзяўчына памерла ў шпіталі. Здарэнне выклікала вялікую грамадскую дыскусію па тэме гвалту ў дачыненні да жанчын, а таксама хвалю салідарнасці з ахвяраю.
Паводле нашых ацэнак, у маршы ўзялі ўдзел ад тысячы чалавек. У асноўным гэта былі жанчыны, але таксама і мужчыны. Людзі размаўлялі на розных мовах – па-польску, па-беларуску, па-ўкраінску.
Публічна выказваліся прадстаўніцы розных грамадскіх арганізацый, якія займаюцца тэмаю падтрымкі жанчын. Палітыкі не выкарыстоўвалі акцыю як трыбуну для сябе. Хаця, напрыклад, кіраўнік НАУ Павел Латушка прысутнічаў на маршы, але пасля каментароў для медыя сышоў.
Адна з арганізатарак Маршу грамадская актывіста Наста Базар у сваёй прамове звярнулася да жанчын і мужчын. Жанчын яна заклікала не заставацца з бядою сам насам, а мужчын – падаваць прылад сваімі паводзінамі іншым.
«Яе звалі Ліза, ёй было 25 гадоў, у яе былі карыя вочы. І гэта амаль усё, што я пра яе ведаю, – кажа Наста Базар да пачатку шэсця. – Але ў нас ёсць шмат агульнага. І Ліза, і я з Беларусі, і Ліза, і я – жанчыны. На жаль, тое, што нас яшчэ аб’ядноўвае – гэта гвалт. Яна не магла крычаць, таму сёння мы будзем крычаць за яе, а потым пойдзем моўчкі, каб паказаць, што не заўсёды маўчанне ёсць згодай.
Я хачу сказаць кожнай жанчыне, асабліва беларускам, якія ў тым ліку знаходзяцца ў Беларусі. Калі ласка, кожная з вас памятайце, што вы ніколі не будзеце сам на сам са сваёй праблемай. Вы ніколі не будзеце адна, таму што заўсёды будуць жанчыны, якія будуць вас ратаваць, якія будуць вам верыць і падтрымліваць. Нават, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, дзе нібыта немагчыма атрымаць дапамогу, мы знойдзем магчымасць, як вас падтрымаць.
Мы абараняемся, баімся, мы не можам спыніць гвалт толькі таму, што гвалт можна спыніць толькі адным спосабам – перастаць гвалціць. Калі ласка, будзьце прыкладам для другіх мужчын, кажыце пра тое, што гэта недапушчальна».
Удзельніцы маршу ў памяць аб Лізе і на знак свайго пратэсту зладзілі хвіліну крыку. Яе пачала актывістка Яна Шостак.
Марш прайшоў па цэнтру Варшавы. Мінакі паважліва ставіліся да ўдзельніц і ўдзельнікаў акцыі.
.