Каля Сейму, дзе завяршылася дэманстрацыя фермераў, адбыліся сутычкі ўдзельнікаў з паліцыяй, у афіцэраў кідалі брук. Паліцыя ўжыла слезацечны газ. На апублікаваных у сацыяльных сетках відэазапісах відаць, што афіцэры ў камізэльках і шлемах ды абараняюць сябе шчытамі.
Падчас гэтых падзеяў пацярпелі некалькі супрацоўнікаў паліцыі, было затрымана каля дзясятка чалавек - паведамілі ў паліцыі.
Паводле паліцыі, некаторыя з пратэстоўцаў спрабавалі прабрацца праз шлагбаум, які адгароджвае будынак Сейму. Ім перашкодзілі гэта зрабіць.
Як падкрэсліваецца ў паведамленні, раней гэтых людзей заклікалі паводзіць сябе ў адпаведнасці з законам.
«Паводзіны, якія пагражаюць бяспецы нашых афіцэраў, у тым ліку кіданне ў іх бруку, нельга дараваць, падобныя паводзіны патрабуюць цвёрдага і рашучага адказу. Паліцыя не з'яўляецца ўдзельнікам справы, у сувязі з якой адбываюцца пратэсты. Нашая дзейнасць зʼяўляецца цалкам празрыстай, адбываецца ў прысутнасці СМІ і падлягае грамадскай ацэнцы. Мы таксама дакументуем ход пратэстаў, і гэтыя матэрыялы будуць выкарыстоўвацца ў тым ліку ў мэтах далейшых працэсуальных дзеянняў«, – гаворыцца ў паведамленні паліцыі.
Польскія фермеры патрабуюць ад уладаў рэагавання на складаную сітуацыю ў сельскагаспадарчай галіне. Аграрыі разам з іншымі прафсаюзнымі групамі пратэставалі перад Сеймам у Варшаве. Пратэстоўцы патрабуюць скарачэння імпарту ўкраінскай сельгаспрадукцыю ў Польшчу і адмены рэформы сельскагаспадарчай палітыкі ЕС, то бок праграмы »Зялёны лад«.
- Мы не чакаем ніякіх даплат, мы хочам нармальна працаваць на нашай зямлі за годныя грошы. Зараз нам прыходзіцца шукаць падпрацоўку, каб выжыць. Гэта падобна, як вы прыходзіце на працу, і не то, што атрымаеце меншы заробак, а вам прыйдзецца яшчэ заплаціць за тое, што працуеце. На кожным кроку ў нас бюракратыя, напр. фермер вывозіць на поле ўгнаенні і на працягу 12 гадзін ён абавязаны гэта задакументаваць. Гэта нармальна?
Фермеры чакаюць анансаваных на суботу перамоваў з прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам, а таксама паведамілі пра магчымыя пратэсты ў вялікіх гарадах Польшчы 20 сакавіка.
яс