Беларуская Служба

Фіктыўны акаўнт на платформе X выдаваў сябе за ваеннае камандаванне польскага войска

08.03.2024 11:40
Профіль з'явіўся ў апошнія тыдні. Гэта быў пачатковы этап аперацыі супраць польскага войска.
КібербяспекаAutor. CyberDefence24

Падазроны акаўнт выдаваў сябе за Камандаванне кампанента войскаў абароны кіберпрасторы (DKWOC). Ён быў заснаваны ў лютым гэтага года. Першы запіс у профілі зʼявіўся 24 лютага, у другую гадавіну ўварвання Расіі ва Украіну.

Прэмʼерны пост быў копіяй арыгінальнага паведамлення, апублікаванага з рэальнага акаўнту польскіх кібервойскаў.

У выніку дзеянняў спецыялістаў па кібербяспецы Міністэрства нацыянальнай абароны акаўнт цалкам знік 6 сакавіка.

«Стварэнне ілжывых профіляў рэальных устаноў у сацыяльных сетках – гэта даволі вядомая тактыка субʼектаў, якія распаўсюджваюць дэзынфармацыю», – каментуе падпалкоўнік Пшэмыслаў Ліпчынскі, прэс-сакратар Камандавання кампанента войскаў абароны кіберпрасторы.

Як ён адзначае, зараз ідзе кагнітыўная вайна (інакш званая вайной за розумы).

«Першым этапам гэтай тактыкі зʼяўляецца дубляванне візуальных функцый і кантэнту з афіцыйнага акаўнта. Дэзынфармацыя пачынаецца толькі ў патрэбны момант, звычайна ў перыяд павышанай грамадскай цікавасці да пэўнай тэмы. У выпадку з войскам гэта могуць быць, напрыклад, вялікія вайсковыя вучэнні», – тлумачыць падпалкоўнік Пшэмыслаў Ліпчынскі.

Падобная аперацыя ўжо праходзіла. Варта згадаць фэйк пра нібыта смерць 13-гадовай вучаніцы ў Мельцы. Дзяўчынка нібыта была раздушана танкам падчас вайсковых вучэнняў Анаконда-23 у Новай Дэмбе.

1 чэрвеня 2023 года такія допісы пачалі распаўсюджвацца ў Twitter. Фальшывы профіль падпалкоўніка Пшэмыслава Ліпчынскага, які ў той час служыў у 18-й механізаванай дывізіі прэс-сакратаром, выкарыстоўваўся для распаўсюджвання дэзынфармацыі ў Facebook. Да таго, як былі распаўсюджаны фальшывыя навіны, акаўнт набіраў прагляды. Мэта складалася ў тым, каб выклікаць давер у адрасатаў.

Такія аперацыі накіраваны не толькі на звычайных грамадзян або прадстаўнікоў улады, але і на вайскоўцаў, спрабуючы выклікаць хаос або аслабіць баявы дух, адзначаюць спецыялісты.
яс/cyberdefence24.pl