Беларуская Служба

Памежная служба стварыла пошукава-выратавальныя групы для мігрантаў

08.03.2024 14:05
 Іх задача – пошук і аказанне дапамогі мігрантам, якія нелегальна трапілі ў Польшчу з Беларусі.
Ілюстрацыйны здымакфота: Straż Graniczna

Польская Памежная служба стварыла пошукава-выратавальныя групы для мігрантаў. Іх задача – пошук і аказанне дапамогі мігрантам, якія нелегальна трапілі ў Польшчу з Беларусі.

Падраздзяленні будуць створаны ў Падляшскім і Надбужанскім аддзелах памежнай аховы. У іх складзе будуць афіцэры, абсталяваныя адпаведнымі прыладамі, якія добра ведаюць мясцовыя тэрыторыі і маюць кваліфікацыю ў аказанні першай медыцынскай дапамогі, – сказаў маёр Анджэй Юзвяк, выконваючы абавязкі прэс-сакратара Памежнай службы:

- Задачай пошукава-выратавальных груп з'яўляецца аказанне дапамогі мігрантам з нявызначаным юрыдычным статусам, якія перайшлі на польскі бок з Беларусі і згубіліся ў лесе ці на багнах і іх жыццё аказалася ў небяспецы. Групы будуць выконваць свае задачы ў супрацоўніцтве з актывістамі няўрадавых арганізацый і з прафесійнымі ратавальнікамі.

Новыя падраздзяленні Памежнай службы таксама прызначаны для перадухілення гуманітарнага крызісу ў прыгранічных раёнах.

Памежная служба паведамляе, што са жніўня 2021 года супрацоўнікі Падляшскага аддзела памежнай аховы ўдзельнічалі ў 25 выратавальных аперацыях, дзякуючы якім удалося выратаваць агулам 76 чалавек, а таксама амаль дзевяцьсот разоў выклікалі замежнікам брыгады медыцынскай дапамогі.

яс