Беларуская Служба

Экс-міністр абароны Польшчы плануе ініцыяваць свой законапраект наконт грамадзянскай абароны

16.03.2024 13:36
Былы кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак абвясціў у эфіры RMF24, што ПіС прадставіць уласны праект закона аб грамадзянскай абароне. 
Mariusz Błaszczak.
Mariusz Błaszczak.twitter.com/MON_GOV_PL

Праект будзе ўключаць у сябе, сярод іншага: абсталяванне кожнай станцыі добраахвотнай пажарнай службы машынай хуткай дапамогі і навучанне пажарных службаў навыкам хуткай медыцынскай дапамогі.

«Мы пададзім законапраект, які прадугледжвае, што кожная пажарная станцыя добраахвотных пажарных дружын будзе мець машыну хуткай дапамогі і што пажарныя будуць мець сертыфікаты фельчара», – сказаў старшыня парламенцкага клуба «Права і справядлівасць» Марыюш Блашчак.

На думку былога міністра нацыянальнай абароны, каб на Польшчу не пасыпаліся бомбы, неабходна ўзмацніць Войска Польскае. «Менавіта мы забяспечылі аднаўленне супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны Варшавы. Яе не было падчас кіравання кааліцыі PO-PSL», – адзначыў Блашчак.

Закон аб грамадзянскай абароне, які распрацоўваецца Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі сумесна з Міністэрствам нацыянальнай абароны, павінен уключаць комплекснае рашэнне ў выпадку розных відаў крызісных сітуацый. Новы закон, сярод іншага, вызначае задачы грамадзянскай абароны ў мірны і ваенны час, органы і арганізацыі, якія рэалізуюць гэтыя задачы, прынцыпы планавання грамадзянскай абароны. Таксама прадугледжваецца ўдакладніць прынцыпы дзеяння сістэмы апавяшчэння, папярэджання і інфармавання пра пагрозы, уліку і выкарыстанне ахоўных збудаванняў, функцыянаванне і арганізацыю грамадзянскай абароны. У законе таксама будуць вызначаны парадак прызначэння асабовага складу грамадзянскай абароны і канкрэтныя сродкі фінансавання задач па грамадзянскай абароне.

PAP/вх