Беларуская Служба

Сёння палякі адзначаюць Велікодны панядзелак у актаве Вялікадня. І паліваюцца вадой

01.04.2024 13:17
Велікодны панядзелак — гэта таксама традыцыя, якая называецца па-польску Śmigus Dyngus або Lany Poniedziałek.
          .
У Мокры панядзелак пажарнікі ў гарадку Пшэлевіцэ дазволілі паліваць сябе вадой.Фота: PAP/Marcin Bielecki

Каталіцкі Касцёл адзначае Велікодны панядзелак. Гэта другі дзень урачыстасці Уваскрэсення Пана. Найвялікшыя хрысціянскія святы, такія як Вялікдзень, адзначаюцца два дні, каб можна было глыбей разважаць над таямніцамі веры і радавацца Уваскрэсенню Езуса Хрыста. Велікодная актава пачалася нядзеляй Уваскрэсення і заканчваецца нядзеляй Божай Міласэрнасці.

Дапаможны біскуп Варшаўскі Рафал Маркоўскі падкрэсліў, што гэта час, які нясе надзею і новыя перспектывы.

«З нагоды гэтых свят я хацеў бы сказаць кожнаму з нас, таму што мы слабыя, часам разгубленыя, часам нам не хапае надзеі, што няма змарнаванага жыцця, няма абсалютнага зла, якое мы не маглі б пераадолець, няма шляхоў настолькі звілістых, што мы не можам іх выпраміць. Адным словам, няхай гэтыя святы напаўняюць нашы сэрцы надзеяй, што калі ў нашым жыцці нешта не так, мы можам гэта перамагчы і разабрацца з дапамогай Уваскрэслага Хрыста», — падкрэсліў біскуп Рафал Маркоўскі.

Велікодны панядзелак — гэта таксама традыцыя, якая называецца па-польску Śmigus Dyngus або Lany Poniedziałek (Мокры панядзелак). Яна звязаная перш за ўсё з традыцыяй аблівання вадой, нагадаў ксёндз Ян Сікорскі.

«Мы любім святы і любім радавацца, таму да Вялікадня дадалі нешта большае. Вялікдзень — гэта памятка нашага Хрышчэння, а Хрышчэнне здзяйсняецца вадой, быў народны звычай, што ў гэты дзень неслі ваду ў касцёл і пасля святой Імшы абліваліся — успамінаючы Хрост і ўспамінаючы тое, што Пан Бог з неба асыпае нас сваімі ласкамі», — растлумачыў ксёндз Ян Сікорскі.

Śmigus Dyngus спалучае ў сабе два сімвалы - хрысціянскі і паганскі. Абліванне вадой адносіцца да старажытных язычніцкіх звычаяў, звязаных з сімвалічным абуджэннем прыроды да жыцця.

IAR/нг