Беларуская Служба

«Самакіраванне ёсць недзе ў ДНК беларусаў». Этнічны беларус ідзе ў мясцовыя дэпутаты Варшавы

03.04.2024 10:50
Этнічны беларус Радаслаў Пусько, які ідзе ў дэпутаты Рады варшаўскага раёна Бяляны, расказаў, што вырашаюць органы самакіравання ў Польшчы і як можна з іх дапамогай займацца беларускімі справамі.
     .
Радаслаў Пусько ў часе перадвыбарчай кампаніі..facebook.com/radqqq

7 красавіка ў Польшчы адбудуцца выбары ў мясцовыя органы самакіравання (Wybory Samorządowe). Палякі буду выбіраць дэпутатаў рад (саветаў) гарадоў, гмін, паветаў, сеймікаў ваяводстваў.

«У інтэгратары арганізую мерапрыемствы для ўкраінцаў і беларусаў»

Радаслаў нарадзіўся ў Беластоку і мае беларускае паходжанне, піша MOST. Яго дзядуля па бацьку родам з Ліды, а бабуля — з вёскі Крывічы. Мужчына заўсёды ўдзельнічаў у справах беларускай меншасці Падляшша, а таксама востра ўспрымаў тое, што адбываецца ў Беларусі — менавіта ён падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года арганізаваў акцыю пад беларускім консульствам у Беластоку.

— Пасля таго я больш за 10 гадоў баяўся ехаць у Беларусь. Але потым усё ж паехаў, быў шмат разоў у Гродне, быў у Ваўкавыску, быў два разы ў Мінску, — успамінае Радаслаў. — Гродна для мяне стала другім горадам пасля Беластока, амаль родным. Спадзяюся, што буду мець магчымасць там пабыць больш часу альбо нават пажыць, калі Беларусь стане нармальнай дэмакратычнай дзяржавай.

У палітыцы мужчына не навічок, каля шасці гадоў таму ён балаціраваўся ў дэпутаты Рады Беластока. Па яго словах, ён стаў першым чалавекам у посткамуністычнай Польшчы, хто на сваіх перадвыбарных плакатах выкарыстоўваў кірыліцу. Гэта быў надпіс «Будуйма супольнасць!». Палітык кажа, што тады прыляцела шмат хэйту, але яшчэ больш было слоў падтрымкі.

У 2018 годзе Радаслаў дамогся ад Рады Беластока, каб яна прыняла рэзалюцыю пра ўшанаванне памяці стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. «Хадзіў, прасіў і выпрасіў», — смяецца ён.

— Таксама я прапанаваў дэпутатам Рады Беластока ўшанаваць той факт, што менавіта ў нашым горадзе праходзіла мяжа паміж Каронай Польскай і Вялікім княствам Літоўскім. І нават зараз на Падляшшы вельмі шмат людзей — і палякаў, і беларусаў — памятаюць, што такое ВКЛ. У выніку дэпутаты прагаласавалі за тое, каб кальцавая развязка па вул. Skorupska атрымала назву rondo Korony Królestwa Polskiego i Wielkiego Księstwa Litewskiego. І гэта менавіта тое месца, дзе была тая мяжа, — адзначае актывіст.

Апошнія чатыры гады Радаслаў жыве ў Варшаве. І хоць у польскай сталіцы няма столькі прадстаўнікоў беларускай меншасці, як на Падляшшы, затое тут вялікая беларуская дыяспара.

У Варшаве Радаслаў працуе ў Бялянскім інтэгратары прадпрымальнікаў (Bielański Integrator Przedsiębiorczych). Гэта ўстанова пры ўжондзе (адміністрацыі) раёна Бяляны, якая дапамагае прадпрымальнікам. Таксама памяшканні інтэгратара выкарыстоўваюцца жыхарамі як каворкінг, тут праводзяцца сустрэчы, кансультацыі, навучанне.

— Я ў гэтым інтэгратары арганізую мерапрыемствы для ўкраінцаў і беларусаў, — расказвае актывіст. — У тым ліку я падрыхтаваў цыкл кансультацыйных сустрэч на тэму эканамічнай дзейнасці. Там можна даведацца пра падаткі, пра віды прадпрыемстваў, пра тое, як стварыць фірму ў Польшчы. Таксама ў нас працуе беларус з Мінска, ён арганізуе кансультацыі пра маркетынг, пра тое, як рэкламаваць свае прадукты і паслугі.

— Мясцовыя выбары — найважнейшыя выбары для Польшчы, — упэўнены актывіст. — Гэта самакіраванне вырашае, дзе будзе дарога, дзе з’явяцца школа, дзіцячы садок альбо яслі. Гэта самакіраванне вырашае, колькі грошай будзе выдадзена на культуру ці на няўрадавыя арганізацыі, якія займаюцца культурай. Гэта ўсё ў кампетэнцыі самакіравання. Таму мясцовыя выбары — гэта мегаважная рэч, — кажа Радаслаў Пусько.

вх