Беларуская Служба

Адмысловая камісія Сейма правярае, ці пры выдачы віз беларускім айцішнікам былі парушэнні

08.04.2024 17:25
Паводле членаў камісіі, такія візы маглі атрымаць людзі, якія насамрэч не жадалі працаваць у Польшчы.
        .  -  .
Пасяджэнне спецкамісіі Сейма па расследаванні парушэнняў пры выдачы віз. Сведка - Пётр Краўчык.Фота: PAP/Leszek Szymański

Ці спецслужбы (Агенцтва ўнутранай бяспекі) дапусцілі памылкі пры праверцы людзей, якія атрымалі польскія візы? На гэтае пытанне перад камісіяй па расследаванні візавага скандалу адказваюць былыя кіраўнікі спецслужбаў Пётр Краўчык і Барташ Ярмушкевіч. Частку паказанняў засакрэцілі.

Старшыня камісіі Міхал Шчэрба лічыць, што паказанні Пятра Краўчыка далі карціну функцыянавання дзяржавы ў гэтай галіне.

На думку прадстаўнікў урадавай кааліцыі, падчас урада партыі «Права і справядлівасць» былі парушэнні ў польскіх візавых праграмах — перш за ўсё, у Poland Business Harbor, якая была прызначаная для прыцягнення IT-спецыялістаў, у асноўным з Беларусі. Паводле членаў камісіі, такія візы маглі атрымаць людзі, якія насамрэч не жадалі працаваць у Польшчы, і прынамсі ў адным выпадку гэта быў нават расійскі шпіён.

«Як сцвярджае сведка, спецслужба не атрымлівала неабходных інвестыцый, таму канкрэтнае абвінавачванне, якое было сфармулявана сёння — у тым, што служба не мела адпаведных паўнамоцтваў, але таксама сродкаў і рэсурсаў для супрацьдзеяння рознага роду пагрозам. Па-другое, у Польшчы не было прадуманай міграцыйнай палітыкі, як, напрыклад, у Канадзе ці Аўстраліі», — сказаў Міхал Шчэрба.

- Мы паказалі, што расійскія фірмы бралі пад кантроль беларусаў – кампаніі з ІТ-галіны. Гэта, несумненна, быў канал перакідвання людзей у Еўропу. Так выглядаюць факты, якія ёсць у дакументах – 3050 візаў, выдадзеных грамадзянам расійскай Федэрацыі са студзеня 2022 года да студзеня 2024 года.

Дэпутат ад ПіС Пётр Калета заявіў, што парушэнняў не было шмат, яны былі ліквідаваныя, а службы дзейнічалі карэктна. Дэпутат назваў абсалютнай лухтой заявы аб тым, што праграма стала каналам прыбыцця мігрантаў і расійскіх шпіёнаў.

- Гэта такая лухта, што я сапраўды ўжо не ведаю, як да гэтага ставіцца. Часам я думаю наконт засакрэчвання пытанняў, якія задаюць прадстаўнікі Грамадзянскай платформы – добра, што яны засакрэчаныя, бо гэта проста кампраметацыя. Гэтая камісія непатрэбная, ніякага скандалу не было. Я толькі пацвярджаю тое, што скажуць усе сведкі.

Следчая камісія Сейма правярае, у першую чаргу, ці былі выпадкі карупцыі пры выдачы польскіх віз за мяжой. Аднак на павестцы і іншыя пытанні — у тым ліку дзейнасць такіх праграм, як Poland Business Harbor.

IAR/нг