Беларуская Служба

Прэзідэнт Анджэй Дуда ўшанаваў памяць ахвяраў Катынскага расстрэлу ў музеі Варшаўскай цытадэлі

12.04.2024 09:36
Прэзідэнт Анджэй Дуда ўсклаў вянок перад Катынскай эпітафіяй у музеі ў Варшаўскай цытадэлі.
                   .
Прэзідэнт Рэспублікі Польшча Анджэй Дуда ўсклаў кветкі ў Катынскім музеі ў Варшаве з нагоды Дня памяці ахвяраў Катынскага расстрэлу.PAP/Rafał Guz

У суботу, 13 красавіка, адзначаецца Дзень памяці ахвяраў Катынскага расстрэлу. Прэзідэнт Рэспублікі Польшча ў пятніцу наведаў Катынскі музей у Варшаўскай цытадэлі, дзе ўсклаў вянок да Катынскай эпітафіі і запаліў свечкі.

«Мы гаворым сімвалічна пра Катынскі расстрэл, хоць выдатна ведаем, што такіх месцаў было шмат. Агулам больш за 22 тысячы чалавек — прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі, не толькі афіцэры, але і грамадскія актывісты, актывісты розных арганізацый, не толькі вайскоўцы, але і паліцэйскія, афіцэры польскай дзяржавы — былі па-зверску забітыя, большасць з іх расстраляныя ў патыліцу», — нагадаў Дуда.

Прэзідэнт адзначыў, што «колькасць польскіх ахвяр на Усходзе была велізарнай».

«Мы памятаем ахвяр катынскага расстрэлу, аддаём ім даніну павагі, але таксама заклікаем да справядлівасці, каб былі высветленыя дэталі гэтага злачынства. Расія пасля распаду савецкай дзяржавы гэта прызнала, а сёння гісторыю спрабуюць схаваць. На шчасце, нам удалося атрымаць дакументы, і мы ведаем, што не хто іншы, як кіраўніцтва савецкай дзяржавы на чале са Сталіным аддавала загад на забойства польскіх афіцэраў», — заявіў ён.

Прэзідэнт Польшчы падкрэсліў, што сёння таксама бачныя маштабы злачынстваў, якія ўчыняюць расіяне на акупаванай імі тэрыторыі Украіны.

«Злачынцы павінны быць асуджаныя, яны павінны адказаць перад светам за свае злачынствы. Іх твары павінны быць вядомыя свету. Яны павінны быць стыгматызаваны, каб гэта ніколі не паўтарылася. Як ніколі не былі пакараныя за Катынскі расстрэл выканаўцы, то, магчыма, здарылася Буча  і іншыя злачынствы, якія мы бачылі ў апошнія гады. Усе злачынствы, учыненыя супраць чалавецтва, супраць невінаватых, супраць тых, хто не можа сябе абараніць, павінны быць высветленыя і пакараныя», — рэзюмаваў Анджэй Дуда.

13 красавіка 1943 г. у Берліне была абнародаваная інфармацыя, што ў Катыні знойдзены масавыя пахаванні польскіх афіцэраў, забітых савецкім НКВД паводле рашэння Палітбюро КПСС.

З 2008 года 13 красавіка адзначаецца як Дзень памяці ахвяраў Катынскага расстрэлу.

РАР/вх