Нягледзячы на папярэднія сумневы, аўкцыён арабскіх коней Pride of Poland будзе арганізаваны сёлета ў Янаве-Падляскім. Пра гэтае рашэнне паведаміў кіраўнік Нацыянальнага цэнтра падтрымкі сельскай гаспадаркі Генрык Смоляж.
Генрык Смоляж сказаў, што за апошнія сем гадоў пры папярэднім урадзе Польшчы, з найлепшых конезаводаў знікла шмат дарагіх пародзістых коней.
«У гэтым годзе на аўкцыён мы вырашылі выставіць таксама эмбрыёны. Гэта агульнасусветная тэндэнцыя. Такія аўкцыёны і гандаль адбываюцца, мы не можам ад гэтага ўхіляцца. Мы хочам размнажаць дарагіх і пародзістых коней, якія ў нас засталіся», - растлумачыў Смоляж.
Аўкцыён Pride of Poland запланаваны на жнівень.
«Мы хочам, каб гэта стала магчымасцю аднавіць добрае імя нашых конезаводаў і аўкцыёну», сказаў Смоляж.
Аўдыт, праведзены на абодвух найлепшых конных заводах у Міхалове і Янаве-Падляскім, выявіў, што частая змена кіраўніцтва ў перыяд з 2016 па 2023 год негатыўна адбілася на іх дзейнасці.
Аўдытары ацанілі, што кіраўніцтва было некампетэнтным, распрадало пародзістых коней і звольніла найлепшых спецыялістаў па конегадоўлі ў Польшчы.
яс/IAR