Беларуская Служба

На польскіх лакаматывах плануюць устанавіць акустычныя сістэмы адпужвання жывёл

20.04.2024 19:03
Рашэнне аб набыцці прыладаў было прынятае па прычыне немалых страт, якія перавозчык нясе з-за сутыкнення лакаматываў з дзікімі жывёламі.  
     PKP Intercity
Цягнік польскай дзяржаўнай пасажырскай кампаніі PKP Intercityкрыніца: PKP Intercity

Польская дзяржаўная пасажырская чыгуначная кампанія PKP Intercity плануе ўстанавіць на лакаматывах акустычныя сістэмы адпужвання дзікіх жывёл. На першапачатковым этапе перавозчык хоча закупіць 300 апаратаў-адпужвальнікаў. 

Прэс-служба PKP Intercity паведаміла, што кампанія нясе сур’ёзныя страты ў выніку сутыкненняў лакаматываў з буйнымі дзікімі жывёламі, якія выходзяць на чыгуначнае палатно. У сувязі з гэтым перавозчык прыняў рашэнне набыць спецыяльныя адпужвальнікі. 

Фаварытам у тэндары з’яўляецца распрацоўка венгерскай кампаніі. Генератар выдае ўльтрагукі, якія пужаюць дзікіх жывёл, хоць чалавечае вуха іх не ўспрымае. Адпужвальнік працуе на адлегласці ў 300 м. Паводле чыгуначнай кампаніі, гэтага дастаткова для таго, каб адпужаць жывёл, якія знаходзяцца на рэйках, пры руху цягніка з хуткасцю больш за 90 км/г.      

Акцыянернае таварыства PKP Intercity – найбуйнейшая ў краіне чыгуначная пасажырская кампанія. Поўны пакет акцый перавозчыка належыць дзяржаве. 

PKP Intercity абслугоўвае цягнікі міжрэгіянальных і міжнародных спалучэнняў. Кампанія прапануе паездку чатырма катэгорыямі цягнікоў: эканом-класа TLK і InterCity, бізнес-класа Express InterCity і прэміюм-катэгорыі Pendolino Express InterCity Premium. Найбольшай папулярнасцю сярод пасажыраў карыстаюцца дзве першыя катэгорыі – у мінулым годзе паездку на іх выбрала больш за 90% кліентаў кампаніі. 

У 2023 годзе PKP Intercity перавезла амаль 69 млн пасажыраў.

вс

Найбуйнейшая польская чыгуначная кампанія замовіла 300 новых пасажырскіх вагонаў на амаль 1 млрд еўра

13.03.2024 20:18
У 2023 годзе PKP Intercity перавезла амаль 69 млн пасажыраў.