Пасля брыфінгу з вайскоўцамі і памежнікамі ў мястэчку Каракулы на Падляшшы кіраўнік урада заявіў, што ні пра якую эканомію ў справах бяспекі краіны, не можа быць і гаворкі.
«Сёння я зрабіў заяву вашым камандзірам, што няма абмежаванняў у рэсурсах, калі гаворка ідзе пра бяспеку Польшчы», — сказаў прэм'ер-міністр. «Як мы даўно вырашылі, што не будзем эканоміць на бяспецы, калі думаем аб аснашчэнні жаўнераў Войска Польскага самым сучасным узбраеннем, я хачу тут сказаць, што не будзе ніякіх абмежаванняў, калі справа тычыцца аховы мяжы. Памежная служба і паліцыя, якія тут працуюць, могуць разлічваць на нас, у справах абсталявання», - сказаў Дональд Туск.
Кіраўнік ураду запэўніў вайскоўцаў і афіцэраў Памежнай варты, што «польская дзяржава і польскі ўрад з імі ў кожнай сітуацыі». Ён дадаў, што таксама хоча, каб грамадства больш ведала пра надзвычай цяжкую службу людзей, якія ўдзельнічаюць у ахове польскай мяжы.
Дональд Туск таксама казаў пра неабходнасць умацавання ўсходняй мяжы. Ён паведаміў, што перамовы па гэтым пытанні ўжо вядуцца. Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што да гэтага давядзецца падключыцца і Еўрасаюзу, бо гэта яго знешняя мяжа», — адзначыў прэм'ер-міністр Польшчы. Віцэ-прэм’ер і кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш паведаміў, што ўрад рыхтуе цэлы план умацавання мяжы з Беларуссю і Расіяй. У дадатак да інвестыцый у існуючы мур, плануецца пабудаваць бункеры ды траншэі.
А 10-й гадзіне прэм'ер-міністр сустрэўся з жаўнерамі і афіцэрамі ў Крынках, на польска-беларускай мяжы.
Візіт кіраўніка ўрада звязаны з учарашнім пасяджэннем Калегіі спецслужбаў. Пасля гэтай сустрэчы Дональд Туск паведаміў, што прадстаўнік прэзідэнта заявіў на сустрэчы пра гатоўнасць супрацоўнічаць дзеля высвятлення пытання ўплыву ўсходніх службаў у Польшчы. «Будуць заявы ў пракуратуру», — напісаў прэм'ер-міністр у сацыяльных сетках.
Кіраўнік урада таксама паведаміў аб стварэнні спецыяльнай камісіі па вывучэнні ўплыву Расіі і Беларусі на органы дзяржаўнай улады за апошнія гады.
ПР/юл