У інтэрв'ю 1-й праграме Польскага радыё Адам Белан адзначыў, што цяпер неабходна расследаваць наяўнасць у Польшчы агентаў, якія збіраюць інфармацыю, і агентаў уплыву. Еўрадэпутат таксама нагадаў, што падчас кіравання яго партыі польскія службы эфектыўна змагаліся з расійскімі агентамі.
«Падчас нашага кіравання польская контрразведка дзейнічала эфектыўна, нагадаю, было арыштавана некалькі дзясяткаў шпіёнаў. Некаторых з іх вызвалілі, а некаторыя дагэтуль знаходзяцца ў турмах. Я чакаю такіх дзеянняў з боку службаў, падпарадкаваных прэм'еру Туску», - сказаў Адам Белан.
Прэм'ер-міністр Дональд Туск паведаміў, што на сённяшнім пасяджэнні ўраду ён прадставіць падрабязнасці адносна дзейнасці камісіі па расследаванні расійскіх уплываў. На гэты конт будзе выдадзена пастанова.
Паводле заявы прэм'ер-міністра, камісія будзе працаваць інтэнсіўна, але стрымана, без удзелу СМІ. Першапачатковая справаздача павінна быць гатовая пасля 9 чэрвеня, пасля выбараў у Еўрапарламент.
Кіраўнік урада адзначыў, што хоча зрабіць так, каб вынікі работы камісіі ніякім чынам не паўплывалі на выбарчую кампанію.
Арганізацыйна адказваць за работу камісіі будзе Міністэрства юстыцыі. Кіраўнік гэтага міністэрства Адам Боднар паведаміў, што яно будзе складацца з экспертаў розных спецыяльнасцяў. Усе міністры прызначаць сваіх прадстаўнікоў у камітэт.
«Права і справядлівасць» будзе падтрымліваць усе дзеянні, накіраваныя на бяспеку межаў Польшчы. Так еўрадэпутат ад гэтай групы Адам Белан адказаў на пытанне аб анонсе будаўніцтва ўмацаванняў на польска-расійскай і польска-беларускай мяжы, так званага Усходняга шчыта.
У эфіры 1 праграмы Польскага радыё Адам Белан падкрэсліў, што ПіС падтрымлівае рашучую палітыку абароны польскіх межаў. «Мы будзем падтрымліваць усё, што будзе адыходзіць ад абароны на лініі Вісла. Менавіта пры Туску Польшча павінна была абараняцца на рацэ Вісле, то бок амаль палова Польшчы павінна была адысці расіянам. Мы бачылі, што адбываецца, калі расіяне заходзяць на нейкую тэрыторыю ў Бучы ва Украіне», — сказаў Адам Белан.
У суботу прэм'ер-міністр Дональд Туск заявіў, што ўрад выдзеліць 10 мільярдаў злотых на ўмацаванне мяжы з Расіяй і Беларуссю. Кіраўнік урада абвясціў, што «Усходні шчыт» будзе ўяўляць сабой сістэму ўмацаванняў, якія зробяць мяжу непраходнай для праціўніка.
ПР/юл