Беларуская Служба

«Польшча 2050» падтрымае законапраект аб партнёрскіх саюзах

14.06.2024 10:47
Кіраўнік парламенцкага клубу Міраслаў Сухонь сказаў, што такое рашэнне трэба было ўводзіць даўно.
.
.Free Images/Jarrrr

У праграме 1 Польскага радыё палітык адзначыў, што новыя пастановы будуць успрынятыя хутчэй як урадавы праект, чым парламенцкі. «Большасць або ўсе члены нашага клуба будуць галасаваць за партнёрскія саюзы. Аднак давайце пачакаем канкрэтнага законапраекта», – дадаў Міраслаў Сухонь.

Левыя заявілі, што ва ўрадзе ёсць згода на партнёрскія саюзы. Старшыня клуба Левых Ганна Марыя Жукоўска сказала, што рашэнне па гэтым пытанні можа быць абвешчана на гэтым тыдні, магчыма, падчас заўтрашняга Параду роўнасці ў Варшаве.
Акрамя «Польшчы 2050», пра падтрымку праекта заявіла «Грамадзянская кааліцыя». Аднак Польская народная партыя (PSL) выступае супраць. Лідар партыі, віцэ-прэм’ер Уладзіслаў Касіняк-Камыш адмаўляе, што ўся кааліцыя ўзгоднена з гэтым праектам, і анансаваў далейшыя перамовы на наступным тыдні.

Ажно 62,6 працэнта апытаных палякаў выказаліся за рэгуляванне парнёрскіх саюзаў, асабліва ў пытаннях падаткаў і спадчыны, паведамляе Rzeczpospolita са спасылкай на замоўленае апытанне IBRiS.

Аднак, адзначае газета, ёсць і група праціўнікаў такога рэгулявання. Амаль кожны пяты рэспандэнт (17,2%) катэгарычна супраць, 7,1% кажуць «хутчэй не», 13,1% рэспандэнтаў не мелі свайго меркавання.

Rzeczpospolita адзначае, што палажэнне адносна грамадзянскіх партнёрстваў падтрымалі перадусім тыя, хто 15 кастрычніка 2023-га галасаваў за партыі, якія ўваходзяць у цяперашнюю кіруючую кааліцыю, а таксама выбаршчыкі Канфедэрацыі. Прыхільнікі PiS, наадварот, супраць.

IAR/вх