Беларуская Служба

У Варшаве праходзяць польска-нямецкія міжурадавыя кансультацыі

02.07.2024 07:42
Гэта першая сустрэча ўрадаў Польшчы і Нямеччыны за апошнія шэсць гадоў.
Ілюстрацыйны здымак PAP/Darek Delmanowicz

Пытанні Еўрасаюза, двухбаковае супрацоўніцтва і супрацоўніцтва ў рамках Веймарскага трохкутніка – гэта галоўныя тэмы польска-нямецкіх міжурадавых кансультацый, якія праходзяць сёння ў Варшаве. Урады Польшчы і Нямеччыны сустрэліся ўпершыню за шэсць гадоў.

Намеснік міністра замежных спраў Анджэй Шэйна паведаміў, што таксама будуць абмяркоўвацца пытанні, звязаныя з бяспекай, выдаткамі на абарону і польскім старшынствам у Еўрасаюзе, якое пачынаецца праз паўгода.

Не выключана, што на перамовах гаворка пойдзе і аб справе рэпарацый. У лютым гэтага года прэм'ер-міністр Дональд Туск заявіў, што ў фармальна-юрыдычным і міжнародным сэнсе пытанне рэпарацый было закрыта шмат гадоў таму. Пры гэтым ён адзначыў, што пытанне маральнай, фінансавай і матэрыяльнай кампенсацыі так і не было рэалізаванае. Палітык падкрэсліў, што гэта заўсёды тэма для размовы, але, у адрозненне ад сваіх папярэднікаў, ён будзе шукаць такія формы супрацоўніцтва з канцлерам Шольцам, якія не ператвораць мінулае ў фактар, які б абцяжарыў цяперашнія адносіны.

Падчас кансультацый палітыкі таксама абмяркуюць ініцыятыву пабудовы Нямецка-польскага дому ў Бэрліне. Яна была ўхвалена на мінулым тыдні ўрадам Германіі. Гэта будзе мемарыял ахвярам акупацыі Польшчы нацысцкай Германіяй. Аднак нявырашаным застаецца пытанне з размяшчэннем будынку.

Перамовы пачаліся а 8-ай раніцы. Спачатку запланавана сустрэча прэм'ер-міністраў, затым пленарнае пасяджэнне.

ПР/юл