З 1 жніўня вайсковыя падраздзяленні будуць весці дзеянні на мяжы з Беларуссю па новых прынцыпах. Віцэ-прэм'ер і кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш (Władysław Kosiniak-Kamysz) паведаміў, што будуць там разгорнутыя падраздзяленні асобных дывізій Войска Польскага. Першай на дзяжурства заступіць 18-я механізаваная дывізія, якую называюць «жалезная дывізія».
Новая місія пачне працаваць з пачатку наступнага месяца.
«Пачнецца аперацыя «Бяспечнае Падляшша», у якой возьмуць удзел да сямнаццаці тысяч чалавек», – адзначыў віцэ-прэмʼер. Ён падкрэсліў, што цяпер там знаходзіцца каля шасці тысяч вайскоўцаў.
«У выпадку неабходнасці мы накіруем туды дадатковыя сілы і сродкі», – запэўніў Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
З прызначаных 17 тысяч вайскоўцаў восем будуць дзейнічаць непасрэдна на мяжы з Беларуссю, дзевяць тысяч будуць знаходзіцца ў так званым стратэгічным рэзерве.
Кіраўнік МУС Томаш Сямоняк (Tomasz Siemoniak) падкрэсліў, што дзякуючы ўведзенай больш за месяц таму буфернай зоне ўдалося знізіць колькасць спроб нелегальнага перасячэння мяжы. Ён дадаў, што з моманту дзеяння буфернай зоны колькасць спроб нелегальнага перасячэння мяжы скарацілася ўдвая.
«Гэта вельмі канкрэтны вынік – мы адсунулі кантрабандыстаў ад мяжы, бо акрамя гібрыднай агрэсіі, акрамя дзейнасці беларускіх і расійскіх службаў, мы маем справу проста са злачыннасцю», – сказаў міністр Томаш Сямоняк.
Кіраўнік МУС паведаміў, што з пачатку года памежная служба заключыла чатыры кантракты ў сувязі з умацаваннем плоту на мяжы з Беларуссю. Два з іх тычацца набыцця сучаснага электроннага абсталявання назірання, якое будзе ўстаноўлена на плоце ўздоўж ракі. Таксама ўмацоўваецца памежная зона шляхам размяшчэння дадатковых паліцэйскіх прафілактычных груп, падрыхтаваных для барацьбы з агрэсіўна настроенымі натоўпамі. Па гэтым напрамку паліцыя трэніруе вайскоўцаў і памежнікаў.
яс/IAR