Сямёра палякаў, якія ратавалі габрэяў і давалі ім прытулак падчас Другой сусветнай вайны, у панядзелак былі пасмяротна ўзнагароджаны медалямі «Праведнікі народаў свету». Цырымонія адбылася ў сінагозе «Белы бусел» у Вроцлаве.
«Праведнік народаў свету» — найвышэйшая грамадская ўзнагарода Ізраіля, якая прысуджаецца Інстытутам памяці пакутнікаў і герояў Халакосту Яд Вашэм у Ерусаліме грамадзянам іншых нацыянальнасцей, акрамя габрэяў.
Яе атрымліваюць тыя, хто, рызыкуючы ўласным жыццём або жыццём сваіх блізкіх, ратаваў габрэяў падчас Другой сусветнай вайны. Дагэтуль узнагародай былі адзначаныя 28 486 чалавек з усяго свету, у тым ліку 7 280 палякаў (на 1 студзеня 2024 года).
У панядзелак дырэктар Грамадскай дыпламатыі амбасады Ізраіля ў Польшчы Босмат Барух уручыў медалі і дыпломы «Праведнікаў свету» нашчадкам палякаў, якія ратавалі габрэяў падчас Халакосту.
Такім чынам, пасмяротна былі ўганараваныя: Караліна і Людвік Гаўліньскія, іхныя дзеці Чэслава і Станіслаў Гаўлінскія, Анна Гаўлінска, Антонія Калянкоўска і Яанна Мікалайчык.
Амбасадар Ізраіля Якаў Ліўнэ ў лісце да ўдзельнікаў цырымоніі падкрэсліў, што абавязкам Ізраіля ў Польшчы з’яўляецца аддаваць належную даніну памяці героям, якія ратавалі габрэяў падчас вайны.
«У самыя змрочныя часы гісторыі чалавецтва яны ратавалі, часта зусім незнаёмых людзей ад вернай смерці, рызыкуючы сваім жыццём і бяспекай сваіх блізкіх. Іх мужнасць і маральная чыстата —- вечны прыклад таго, што значыць супрацьстаяць злу і несправядлівасці», - напісаў у сваім лісце пасол Ізраіля.
PAP/аз