Беларуская Служба

Сікорскі: Мы задаволеныя новымі прапановамі па спыненні расійскай агрэсіі супраць Украіны

12.03.2025 10:04
Прэзідэнт Дональд Трамп цяпер чакае адказу Масквы.
-
Прэс-канферэнцыя міністраў Радаслава Сікорска і Андрэя Сыбігі ў ВаршавеPAP/PAlbert Zawada

Мы задаволеныя новымі прапановамі па спыненні расійскай агрэсіі супраць Украіны, заявіў міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі (Radosław Sikorski).

Кіраўнік польскай дыпламатыі сустрэўся з міністрам замежных справаў Украіны Андрэем Сыбігам, які вярнуўся з перамоваў з амерыканскай дэлегацыяй у Саудаўскай Аравіі.

— Мы раіліся перад сустрэчай у Саудаўскай Аравіі. Я нагадаю, што генерал Кіт Келог тэлефанаваў мне па гэтай справе. Міністр Сыбіга даў мне справаздачу па дарозе з Аравіі ў Кіеў. Мы задаволеныя новымі ідэямі па спыненні расійскай агрэсіі супраць Украіны.

«Аднаўленне амерыканскай ваеннай дапамогі Украіне з'яўляецца пазітыўным зрухам па выніках перамоваў дэлегацый Кіева і Вашынгтона ў Саудаўскай Аравіі», - так пракаментаваў вынікі сустрэчы ў Джыдзе аналітык усходняй палітыкі Барташ Тэслаўскі (Bartosz Tesławski), які падкрэсліў, што важная таксама гатоўнасць Украіны да спынення агню на фронце.

У эфіры Польскага радыё ён падкрэсліў, што Кіеў аднак не пагодзіцца скончыць вайну на ўмовах Расіі, пра што сведчыць атака беспілотнікаў на Маскву ў дзень украінска-амерыканскіх перамоваў.

— Украінцы адразу заявілі, што пагаджаюцца на 30-дзённае спыненне агню. Пры гэтым ім фантастычна ўдалося дамагчыся таго, што цяпер амерыканцам прыйдзецца  паставіць пад сценку свайго «любімага саюзніка» Пуціна, заяўляючы, што ім удалося зламаць украінцаў, і цяпер «вы супакойцеся на гэтыя 30 дзён». Думаю, украінцы згулялі па-казацку.

Падчас перамоваў у Саудаўскай Аравіі Украіна пагадзілася на 30-дзённае спыненне агню. У адказ ЗША аднавілі пастаўкі зброі і супрацоўніцтва з Украінай у разведцы. Прэзідэнт Дональд Трамп цяпер чакае адказу Масквы.

У заяве па выніках перамоваў у Саудаўскай Аравіі прадстаўнікі ЗША і Украіны высока ацанілі мужнасць украінскага народа. Абодва бакі абвясцілі, што падпішуць пагадненне аб рэдказямельных мінералах. Украінская дэлегацыя яшчэ раз падкрэсліла, што еўрапейскія партнёры павінны ўдзельнічаць у мірным працэсе.

IAR/яс