Артыкул у газеце «The Jerusalem Post», які ўскладае адказнасць за Халакост не толькі на немцаў, але і на польскіх антысемітаў, з'яўляецца цынічнай маніпуляцыяй, заявіў польскі Інстытут нацыянальнай памяці.
У сацыяльных сетках Інстытут нацыянальнай памяці адрэагаваў на тэкст, апублікаваны ў ізраільскай газеце, паводле якога «ад рук нацыстаў і польскіх антысемітаў загінула больш габрэяў, чым ад рук ваенных злачынцаў дзе-небудзь яшчэ».
Інстытут падкрэслівае, што гэта скажэнне гісторыі і нагадвае, што многія палякі, якія да Другой сусветнай вайны без энтузіязму ставіліся да габрэйскай супольнасці, вырашылі дапамагчы габрэям, калі тыя падвяргаліся пераследу ў акупаванай Польшчы.
«Як сузаснавальніца Рады дапамогі габрэям «Жэгота» Зоф'я Косак-Шчуцкая, правы юрыст Ежы Закульскі, які хаваў габрэяў у сваёй кватэры, ці Леапольд Соха, на чыёй гісторыі Агнешка Голянд зняла фільм «У цемры». У сваю чаргу, для тых антысемітаў, якія маглі б захацець далучыцца да нямецкіх пераследаў габрэяў, Польская падпольная дзяржава прадугледжвала смяротны прысуд», — чытаем мы ў заяве Інстытута нацыянальнай памяці.
Інстытут таксама звяртае ўвагу на тое, што аўтары артыкула апускаюць нацыянальнасць нямецкіх нацыстаў, адначасова паказваючы на польскую нацыянальнасць антысемітаў.
Паводле Інстытута нацыянальнай памяці, гэта таксама цынічная маніпуляцыя, паколькі большасць нацыстаў складалі немцы, а сярод палякаў быў толькі невялікі працэнт антысемітаў.
Інстытут нацыянальнай памяці заклікаў газету «The Jerusalem Post» выправіць артыкул, які ў цяперашнім выглядзе скажае гісторыю.
ІAR/аз