«Ale Kosmos!» (Ну і Космас!) — пад такім дэвізам пройдзе 28-ы Навуковы пікнік Польскага радыё і Цэнтра навукі «Капернік». Заўтра на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве адбудзецца найбуйнейшае ў Еўропе папулярна-навуковае мерапрыемства пад адкрытым небам.
«Такія імпрэзы патрэбныя менавіта зараз, калі ў інтэрнэце шмат ілжывых звестак», — адзначае Павел Майхер (Paweł Majcher), галоўны рэдактар Польскага радыё.
— Фэйк-ньюсаў, дэзінфармацыі на тэму навукі вельмі шмат у публічнай прасторы. А сюды, на Нацыянальны стадыён, можна прыйсці, самому праверыць, запытаць, паразмаўляць. Убачыць, як выглядае праўда і як выглядае навука.
Падчас пікніка, з 11:00 да 20:00, запланавана 690 паказаў у 185 намётах. Іх падрыхтавалі 152 установы з Польшчы і замежжа. Журналісты Польскага радыё будуць асвятляць мерапрыемства і весці прамыя трансляцыі з месца пікніка.
Польскае радыё таксама падрыхтавала розныя атракцыёны, сярод якіх: квест-рум «Брама часу», касмічная гульня «AUDIONAUCI», майстар-класы з дыджэем, заняткі па мастацтве, музыцы і радыё, а таксама студыя падкастаў для самых маленькіх.
Уваход на пікнік бясплатны. У 2005 годзе мерапрыемства было адзначана Еўрапейскай камісіяй як адзін з 10 узорных еўрапейскіх праектаў у галіне «Навука і грамадства».
IAR/нг