Маштабны пажар у гандлёвым цэнтры ў Варшаве на вуліцы Марывільскай летась быў выкліканы падпалам, замоўленым расійскімі спецслужбамі, аперацыю каардынаваў чалавек, які знаходзіцца ў Расіі ,— заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Частка злачынцаў ужо затрыманая, астатнія ўстаноўлены і знаходзяцца ў вышуку.
Ужо год Мазавецкае аддзяленне Дэпартамента па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры, пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення паліцыі Варшавы і Агенцтва ўнутранай бяспекі, вядзе інтэнсіўнае расследаванне з мэтай высвятлення абставін здарэння.
Міністр юстыцыі і генеральны пракурор Польшчы Адам Боднар удакладніў, што расійскія спецслужбы для такіх дзеянняў выкарыстоўваюць людзей, якія шукаюць лёгкага заробку:
— Расійскія спецслужбы выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі для вербавання людзей з мэтай выканання пэўных дзеянняў. Мы ўжо сутыкаліся з падобным выпадкам ва Уроцлаве, калі спрабавалі падпаліць фарбавальны завод. Вербаванне адбывалася праз інтэрнэт: чалавека інструктавалі, што і як зрабіць, а затым павінен быў адбыцца пэўны ланцужок дзеянняў і адпаведна аплата.
Пажар у гандлёвым цэнтры адбыўся 12 траўня мінулага года. Тады згарэлі амаль паўтары тысячы крам і пунктаў абслугоўвання.
эж