Беларуская Служба

Радаслаў Сікорскі заклікаў ЕС абмежаваць права расійскіх дыпламатаў на перасоўванне 

12.05.2025 15:04
«Расіяне не маюць права карыстацца перавагамі Шэнгенскай зоны», - перакананы міністр замежных спраў Польшчы. 
    .
Міністр замежных спраў Польшчы Р. Сікорскі PAP/EPA/NEIL HALL/POOL

Міністэрства замежных спраў Польшчы адклікала дазвол на дзейнасць Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Кракаве. Гэтае рашэнне прынятае пасля з’яўлення інфармацыі аб датычнасці расійскіх спецслужбаў да падпалу гандлёвага цэнтра «Марывільска» ў Варшаве.

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі падчас прэс-канферэнцыі ў Лондане заявіў, што Польшча не будзе цярпець акты сабатажу на сваёй тэрыторыі:

— Цудам там ніхто не загінуў. Мы не можам мірыцца з такімі дзеяннямі. Польшча і заходнія дэмакратыі не праводзяць актаў сабатажу на тэрыторыі Расіі. Расія нават не мае права разлічваць на прапарцыйныя дзеянні ў адказ. Аднак мы чакаем, што Масква зробіць у адказ крокі, у тым ліку ў дачыненні да нашых консульскіх устаноў, — адзначыў Сікорскі.

Ён таксама заклікаў іншыя краіны Еўрапейскага саюза абмежаваць свабоду перамяшчэння расійскіх дыпламатаў. Паводле Сікорскага, гэта павінна ўскладніць працу расійскіх агентаў на тэрыторыі ЕС:

— Расіяне не павінны карыстацца перавагамі Шэнгенскай зоны, — падкрэсліў кіраўнік польскай дыпламатыі.

У Маскве ўжо паабяцалі, што адказ на дзеянні Варшавы будзе «рашучым». У Расіі Польшча мае амбасаду ў Маскве і консульствы ў Іркуцку і Калінінградзе.


IAR/PAP/ez