Узмацненне ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі з мэтай вызвалення палітвязняў абмеркавалі з віцэ-спікерам Сейма Польшчы Пятром Згажэльскім (Piotr Zgorzelski) 14 траўня ў Варшаве намеснік кіраўніцы Аб’яднага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка і намеснік прадстаўніка АПК па транзіце ўлады Арцём Брухан (пазней у той жа дзень быў абраны спікерам Каардынацыйнай рады).
У сустрэчы таксама ўдзельнічаў старшыня камісіі Сейма па міжнародных справах Павел Коваль.
Закраналіся пытанні павелічэння ціску на рэжым Лукашэнкі і выстаўлення дыктатару ўмоў з боку міжнародных партнёраў дэмсіл, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы АПК. Таксама абмяркоўвалася пытанне легалізацыі беларусаў у Польшчы.
Латушка падзякаваў за прынятую сёлета ў красавіку рэзалюцыю, у якой Сейм пацвердзіў, што не прызнае Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі і падтрымлівае дэмсілы. Беларускі палітык таксама паведаміў суразмоўцу пра сітуацыю са знікненнем былой спікер КР Анжалікі Мельнікавай.
Брухан, як адзначае АПК, прадставіў змест аналітычнага дакумента «Сістэмная падрыхтоўка рэжыму Лукашэнкі да магчымага ўступлення ў вайну на баку Расіі і рэкамендацыі па прадухіленні гэтага сцэнара».
Згажэльскі напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», што на сустрэчы «размаўлялі пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці, палітычных зняволеных, а таксама пра неабходнасць еўрапейскай салідарнасці з беларускім народам».
«Я падкрэсліў, што Польшча не застаецца абыякавай да лёсу нашых суседзяў, якія змагаюцца за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека. Падтрымка незалежных дэмакратычных ініцыятыў у Беларусі — гэта не толькі пытанне знешняй палітыкі, але і наш маральны абавязак. Дзякую за натхняльную сустрэчу і мужную барацьбу за лепшую будучыню Беларусі», — адзначыў віцэ-спікер Сейма.
Pozirk/яс