У Польшчы праходзяць прэзідэнцкія выбары. Выбарчыя ўчасткі адкрытыя з 07:00 да 21:00 па варшаўскім часе. Удзел у выбарах прымаюць 13 чалавек – як прадстаўнікі палітычных партый, так і незалежныя кандыдаты. Кандыдат у прэзідэнты Польшчы для рэгістрацыі ў Дзяржаўнай выбарчай камісіі (ДВК) павінен сабраць 100 тыс. подпісаў грамадзян.
Згодна з польскім заканадаўствам, апоўначы з пятніцы на суботу пачаўся г.зв. дзень цішыні. У гэты час забароненая агітацыя за кандыдатаў, у тым ліку ў інтэрнэце, развешванне плакатаў і іншых выбарчых матэрыялаў, а таксама публікацыя рэйтынгаў. За парушэнне выбарчай цішыні пагражае штраф у памеры да 5 тыс. злотых (каля 1 тыс. 200 еўра), а за публікацыю рэйтынгаў – да 1 млн злотых (каля 240 тыс. еўра).
Аддаць свой голас у выбарах можа кожны грамадзянін Польшчы па дасягненні 18-гадовага ўзросту. У Польшчы працуе больш за 32 тыс. выбарчых участкаў, а права голасу маюць каля 29 млн. чалавек. Выбарчыя ўчасткі таксама працуюць за мяжой, у тым ліку на марскіх суднах і буравых платформах. За мяжой, паводле дадзеных ДВК, будзе галасаваць больш за 500 тыс. чалавек.
Адразу ж пасля закрыцця выбарчых участкаў будуць апублікаваныя вынікі экзіт-полу. Дзяржаўная выбарчая камісія паведаміла, што афіцыйныя вынікі выбараў 18 мая будуць аб’яўленыя найпазней у аўторак раніцай.
Калі прэзідэнт не будзе выбраны падчас сённяшняга галасавання, да чаго схіляецца большасьць назіральнікаў і экспертаў, то другі тур пройдзе 1 чэрвеня.
У Польшчы прэзідэнт выбіраецца падчас усеагульнага галасавання на пяць гадоў. Пасаду кіраўніка дзяржавы можна займаць максімальна два прэзідэнцкія тэрміны. Другі тэрмін паўнамоцтваў актуальнага прэзідэнта Анджэя Дуды завяршаецца 6 жніўня 2025 года.
вс