Размова пра любоў да народнай спадчыны, традыцыйны строй, культурнае адраджэнне і жыццё насуперак хваробе з беларускай спявачкай, тэлевядучай, журналісткай і рэканструктаркай традыцыйных і гістарычных беларускіх строяў і тэкстыльных тэхнік Кацярынай Ваданосавай гутарыць наш карэспандэнт.
— Кацярына, як пачалася ваша цікавасць да беларускай народнай спадчыны і традыцыйнага строю?
— Насамрэч, усё пачалося не з традыцыйных строяў, а са строяў гістарычных. Паколькі гісторыя заўсёды была маёй пасіяй, любоўю і жарсцю, гістарычная рэканструкцыя ХІІІ, ХІV, ХV стагоддзяў — гэта тое, з чаго я пачынала свой шлях у стварэнні строяў. Народныя строі прыйшлі да мяне даволі позна, калі ў мяне ўжо было двое дзяцей. Прыблізна дзесяць гадоў таму я пачала сур'ёзна займацца народнымі строямі.
Гістарычная рэканструкцыя — гэта, у тым ліку, і аднаўленне народнай традыцыі. Пад гэтым я разумею культурную спадчыну ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. На сёння гэта, напэўна, адзін з самых каштоўных перыядаў, бо менавіта ён стварае асноўнае ўражанне пра нашу матэрыяльную культуру. Гэта перыяд, які яшчэ помніцца, а таму асабліва важны для прыкладання высілкаў.
— Ці можаце распавесці пра найбольш унікальнае адкрыццё ў сваёй этнаграфічнай практыцы?
— Па-першае, важна адзначыць, што я не этнограф па адукацыі. У мяне быў адпаведны курс ва ўніверсітэце, але я не збіраю фальклор, не спяваю і не танцую народныя танцы. Я спецыялізуюся выключна на строях і тэкстыльных тэхніках. Гэта вузкая сфера, у якой складана зрабіць сапраўдныя адкрыцці. Рэканструкцыя — гэта пра тое, каб узяць строй або тэхніку і аднавіць іх тым ці іншым спосабам. Я, хутчэй, практык, а не даследчыца.
фота з архіва Кацярыны Ваданосавай
— Як вы падыходзіце да аднаўлення народнага строю — што для вас важней: дакладнасць ці творчы падыход?
— Яны вельмі ўдала спалучаюцца. Для мяне дакладнасць — гэта і ёсць творчы падыход. Я не прыхільніца "агульнабеларускіх" вобразаў, як вышымаек або гарлячак, якія насамрэч характэрныя толькі для аднаго рэгіёну, але цяпер падаюцца як універсальныя. Мне цікавая ўглыбленая рэгіянальная рэканструкцыя, калі аднаўляецца канкрэтная спадчына ў яе аўтэнтычным выглядзе. Калі я вывучаю, як тчэцца панёва або робіцца крыза — гэта і ёсць вышэйшая форма творчасці, бо я дакранаюся да гісторыка-культурнай спадчыны.
— Якое значэнне для вас мае гістарычная памяць у сённяшнім беларускім грамадстве?
— Без гістарычнай памяці мы не можам існаваць як нацыя. Гэта той падмурак, на якім мы фармуемся. Без разумення мінулага мы не зможам ні рухацца наперад, ні атаясамліваць сябе з паняццем "Беларусь". Для мяне гэта — лёсавызначальная рэч.
— Ваша барацьба з хваробай — гэта таксама частка вашай гісторыі. Што падтрымлівае вас у складаныя моманты?
— Любоў да справы і адказнасць перад дзецьмі. Я не магу дазволіць сабе проста скласці рукі. Трэба жыць, трэба трымаць сям’ю, а галоўнае — у мяне столькі планаў і ідэяў, што я не магу здацца.
Цяпер, праз тры гады пасля таго, як у мяне выявілі анкалогію, я ўсё яшчэ праходжу лячэнне: шпіталі, уколы, гармонатэрапія... Але нават там, чакаючы кропельніцу, я вышываю — і гэта дае адчуванне, што час не згублены. Запаўняць кожную хвіліну сэнсам — вось што дае сілу.
— Ці змяніла хвароба ваш погляд на жыццё, творчасць і гісторыю?
— Напачатку — так. Калі даведалася пра дыягназ, напісала эмацыйны пост: маўляў, хачу паспець запісаць альбом, выдаць кнігу... Але за тры гады не зрабіла ні таго, ні другога — у мяне чатыры працы, плюс шпіталь, як дадатковая.
Хвароба найперш змяніла маё адчуванне часу. Гэта не заўсёды добра: пастаяннае адчуванне, што жыццё мінае, і трэба спяшацца. Я не магу сабе дазволіць сесці і паглядзець серыял, у кіно не памятаю калі была.
Таксама моцна змянілася маё кола зносін. Некаторыя "сябры" адышлі, былі нават такія, што казалі, нібы я "хайпую" на хваробе. Але я набыла новых людзей, і гэта каштоўна: яны бачаць у мне не хворага, а асобу, з якой можна тварыць супольную справу.
фота з архіва Кацярыны Ваданосавай
— Якая ваша мара, звязаная з беларускім культурным адраджэннем?
— Хацелася б, каб нікога не здзіўляла, што я размаўляю па-беларуску. Асабліва марыцца, каб у Беларусі беларуская мова заняла сваё пачэснае месца сярод іншых. І каб у кожнай сям’і была паліца з кнігамі нашых класікаў.
Ну і, вядома, каб традыцыйны строй стаў не рэдкасцю, а нормай. Вось у скандынаўскіх краінах манархі на ўрачыстасці могуць апрануцца ў народны строй — і гэта крута. Хацелася б, каб і ў нас так было — каб гісторыя і культура былі натхненнем, а не абавязкам.
— Што б вы параілі тым, хто шукае свой шлях у традыцыйнай культуры ці сутыкаецца з асабістымі выпрабаваннямі?
— Чытаць. Найперш — чытаць. Бо, на жаль, сутыкаюся з нізкім узроўнем абазнанасці. Вось нядаўна бачыла інтэрв’ю з дзяўчынай, якая танчыць беларускія танцы. Гляджу і разумею: нешта не так. Аказваецца, у яе каптур апрануты задам наперад. І гэта ў чалавека, які пазіцыянуе сябе як спецыяліста...
Калі правільна апрануты — гэта і прыгожа, і пазнавальна. А калі не — і выгляд, адпаведна, не той. Таму варта займацца самападрыхтоўкай — і для сябе, і дзеля культуры.
— Дзякуй вам за гутарку, Кацярына.
Павел ЗАЛЕСКІ
З архіва Кацярыны Ваданосавай