У першым туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы перамог кандыдат ад «Грамадзянскай кааліцыі» Рафал Тшаскоўскі. Пра гэта сведчаць дадзеныя Дзяржаўнай выбарчай камісіі, апублікаваныя на падставе вынікаў з 99,99 працэнта выбарчых акругаў.
Такім чынам, у другім туры выбараў, які адбудзецца 1 чэрвеня, прэзідэнт Варшавы будзе змагацца за галоўную пасаду ў дзяржаве з Каралям Наўроцкім, якога падтрымлівае правая партыя «Права і справядлівасць.
У першым туры Рафал Тшаскоўскі атрымаў 31,3 працэнта галасоў, а Караль Наўроцкі — 29,5 працэнта. Такім чынам, за кандыдата ад «Грамадзянскай кааліцыі» прагаласавалі больш за 6,1 мільёна выбаршчыкаў. У сваю чаргу, кандыдата, якога падтрымлівае ПіС падтрымалі амаль 5,8 мільёна чалавек.
Трэцяе месца заняў кандыдат ад ультраправай «Канфедэрацыі» Славамір Менцэн, які атрымаў 14,8 працэнта галасоў. На чацвёртым месцы апынуўся скандальна вядомы незалежны кандыдат Гжэгаж Браўн, якога падтрымалі 6,34 працэнта выбаршчыкаў.
Далей ішлі Шымон Галоўня, Адрыян Зандберг і Магдалена Беят, якія набралі больш за 4 працэнты галасоў выбаршчыкаў. Вынікі Кшыштафа Станоўскага і Ёанны Сэнышын перавысілі адзін працэнт, чаго не ўдалося Марэку Якубяку, Артуру Барташэвічу, Мацею Мацяку і Марэку Воху.
Нагадваем, агулам за галоўную пасаду ў дзяржаве змагаліся 13 кандыдатаў.
IAR/аз