Беларуская Служба

Сумесная аперацыя польскіх і ўкраінскіх службаў прывяла да ліквідацыі злачыннай групы па вытворчасці метамфетаміну

27.05.2025 16:02
Банда займалася незаконным экспартам з Польшчы ва Украіну наркотыкаў, якія змяшчалі псеўдаэфедрын, якія затым выкарыстоўваліся для вытворчасці метамфетаміну.
Аўдыё

Сумесная аперацыя польскіх і ўкраінскіх службаў прывяла да ліквідацыі злачыннай групы, якая займалася вытворчасцю метамфетаміну. Падчас аперацыі ў абедзвюх краінах было затрымана дзесяць чалавек — сем мужчын і тры жанчыны.

Банда займалася незаконным экспартам з Польшчы ва Украіну наркотыкаў, якія змяшчалі псеўдаэфедрын, якія затым выкарыстоўваліся для вытворчасці метамфетаміну.

Прэс-сакратар Цэнтральнага бюро расследаванняў паліцыі, намеснік камісара Кшыштаф Вжэсьнёўскі паведаміў, што ў Польшчы затрыманыя 6 чалавек ва ўзросце ад 20 да 44 гадоў.

«Падчас ператрусаў месцаў знаходжання затрыманых была канфіскавана значная колькасць лекаў, якія змяшчаюць псеўдаэфедрын, наркатычныя рэчывы, хімічныя прэкурсоры, рэагенты, а таксама дакументацыя і шматлікія носьбіты інфармацыі», — адзначыў ён.

Акрамя таго, на тэрыторыі Украіны была ліквідаваная нелегальная наркалабараторыя, дзе вырабляўся метамфетамін.

Затрыманым былі прад'яўлены абвінавачванні, сярод іншага, ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе і здзяйсненні злачынстваў, звязаных з наркотыкамі. Па хадайніцтве пракуратуры суд прыняў рашэнне аб заключэнні пад варту траіх падазраваных.

Барацьба з нарказлачыннасцю стала вынікам працы сумеснай следчай групы, у якую ўваходзяць супрацоўнікі Цэнтральнага бюро расследаванняў паліцыі ў Познані, пракуроры раённай пракуратуры ў Познані і ўкраінскія следчыя з Запарожскай вобласці пры падтрымцы і каардынацыі Еўраюста.

Следчыя не выключаюць далейшых арыштаў.

ав/Film: CBŚP. Muz.Universal Music Production