Муніцыпальныя ўлады польскага Люблінскага ваяводства (усход краіны) прынялі рашэнне выдзеліць 1 млн 250 тыс. злотых (амаль 300 тыс. еўра) і фінансава ўзнагародзіць гміны, у якіх была зафіксаваная найвышэйшая яўка падчас другога туру прэзідэнцкіх выбараў.
Так, гміна Хшанаў, у якой назіралася яўка на ўзроўні амаль 85%, атрымае 500 тыс. злотых (118 тыс. еўра), гміна Гадзішаў (82-працэнтная яўка) – 300 тыс. злотых (больш за 70 тыс. еўра), а гміна Росач (больш за 80-працэнтны ўдзел жыхароў у галасаванні) – 200 тыс. злотых (47 тыс. еўра). Іншыя гміны, дзе яўка была крыху ніжэйшай, атрымаюць меншую фінансавую падтрымку. Рашэнне аб выдзяленні фінансавай падтрымкі гмін за актыўны ўдзел у выбарах ваяводскі орган абгрунтоўвае тым, што жыхары заслугоўваюць ўзнагароду за грамадзянскую актыўнасць.
У сваю чаргу палітычныя апаненты крытыкуюць рашэнне муніцыпальных улад Люблінскага ваяводства, называючы такі крок «палітычнай карупцыяй». Справа ў тым, што большасць галасоў у мясцовым парламенце маюць прадстаўнікі правай партыі «Права і справядлівасць», а фінансавыя ўзнагароды атрымаюць гміны, дзе перамог Караль Наўроцкі, якога падтрымлівала згаданая партыя.
Гміна – гэта найменшая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Польшчы.
У нядзелю, 1 чэрвеня, у Польшчы прайшоў другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Выбары выйграў Караль Наўроцкі, за якога прагаласавала 50,89% грамадзян Польшчы. За яго апанента, прадстаўніка цэнтрысцкай «Грамадзянскай кааліцыі» Рафала Тшаскоўскага свой голас аддалі 49,11% выбаршчыкаў. Яўка падчас другога туру склала 71,63%.
вс