Беларуская Служба

Цэнтральны камунікацыйны порт рыхтуе інвестыцыйную платформу на 10 млрд злотых

08.06.2025 10:43
Гэта стане чарговым крокам да стварэння так званай «сеткі Y», якая злучыць Варшаву з Лоддзю, Познанню і Уроцлавам. Па гэтай лініі змогуць курсіраваць цягнікі, што развіваюць хуткасць да 350 км/г, а таксама рэгіянальныя экспрэсы (да 200 км/г).
Праект ЦПКфота: Twitter/CPK

Кампанія «Цэнтральны камунікацыйны порт» (CPK), якая адказвае за рэалізацыю аднаго з найбуйнейшых транспартных праектаў у Польшчы, завяршае падрыхтоўку бізнес-плана для стварэння новай інвестыцыйнай платформы. Гаворка ідзе пра механізм, які ўжо на старце можа аперыраваць сумай да 10 мільярдаў злотых (каля 2,33 мільярда еўра), прызначанай для закупкі цягнікоў. Да праекта плануецца прыцягнуць інвестыцыйныя банкі і пенсійныя фонды. Канчатковымі карыстальнікамі платформы стануць як далёкамагістральныя, так і рэгіянальныя перавозчыкі.

CPK рыхтуецца да будаўніцтва як аэрапорта, так і сеткі высакахуткасных чыгунак. У рамках ініцыятывы ўжо абвешчаны конкурс у форме канкурэнтнага дыялогу па выбары падрадчыка для будаўніцтва пасажырскага тэрмінала. Пасля нядаўняга адхілення скаргаў падрадчыкаў Дзяржаўнай апеляцыйнай палатай кампанія плануе на працягу некалькіх тыдняў падпісаць кантракт з кансорцыумам PORR, які перамог у тэндэры на будаўніцтва чыгункі і тунэлю пад Лоддзю.

Гэта стане чарговым крокам да стварэння так званай «сеткі Y», якая злучыць Варшаву з Лоддзю, Познанню і Уроцлавам. Па гэтай лініі змогуць курсіраваць цягнікі, што развіваюць хуткасць да 350 км/г, а таксама рэгіянальныя экспрэсы (да 200 км/г).

CPK таксама плануе ў партнёрстве з прыватнымі структурамі ствараць лізінгавы пул — фонд, які будзе займацца закупкай рухомага саставу і перадаваць яго ў карыстанне перавозчыкам.

— Мы завяршаем працу над бізнес-планам і рыхтуемся да перамоў з патэнцыйнымі прыватнымі партнёрамі. Да нас ужо звярнуліся шматлікія міжнародныя кампаніі, зацікаўленыя ў фінансаванні праекта. Сярод іх — пенсійныя фонды і інвестыцыйныя банкі, — паведаміў  намеснік старшыні праўлення CPK Пётр Рахвальскі.

PAP/эж

Буйныя інвестыцыі, якія распачаў папярэдні ўрад, варта працягваць - лічыць эканаміст

19.12.2023 16:11
«Я спадзяюся, што вялікія інвестыцыі як Цэнтральны камунікацыйны порт (CPK), атамная электрастанцыя і кантэйнерны порт у Свінауйсці, якія пачаў ажыццяўляць папярэдні ўрад, будуць працягнуты».