Беларуская Служба

У Польшчы магчымы карацейшы працоўны тыдзень з 1 ліпеня 2025 года. Супрацоўнікі могуць працаваць толькі 4 дні ці 35 гадзін на тыдзень ужо гэтым летам!

09.06.2025 11:44
Улады ўсё яшчэ працуюць над увядзеннем карацейшага працоўнага часу для ўсіх работнікаў. Тым часам працадаўцы дзейнічаюць самастойна.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Tung Lam/pixabay.com/CC0 Public Domain

Змяншэнне рабочага часу — адна з першых змен, увядзенне якіх кіруючая кааліцыя задэкларавала пасля выбараў. Але перыяд чакання зацягнуўся і многія працадаўцы вырашаюць узяць справу ў свае рукі ды  самастойна тэстуюць эфектыўнасць такога рашэння. Цікава, што піянерамі ў гэтай галіне з'яўляюцца органы мясцовага самакіравання. 

Карацейшы працоўны тыдзень – працадаўцы дзейнічаюць самастойна

Першым дзеянні распачала кіраўніцтва горада Лешна. Год таму там было прынята рашэнне аб увядзенні змен у працоўным часе супрацоўнікаў і адначасова змене гадзін працы ўстановы. Першапачаткова яна працавала па панядзелках з 7:00 да 18:00, а ў астатнія дні з 7:00 да 14:00. Так было толькі ў летні перыяд. З верасня 2024 года ўстанова працуе па панядзелках з 8:00 да 18:00, а ў астатнія дні з 8:00 да 15:00.

Чарговым органам самакіравання, які вырашыўся на такі крок, быў Улацлавак. Мэр гэтага горада вырашыў, што з верасня 2024 года супрацоўнікі тамтэйшай адміністрацыі таксама будуць працаваць менш. Ён падкрэсліў, што ўвядзенне 35-гадзіннага працоўнага тыдня — гэта не толькі праява клопату пра супрацоўнікаў, але і крок да сучаснасці. Наступным быў орган самакіравання ў Свебадзіцаве. Там супрацоўнікі карыстаюцца карацейшым працоўным часам з 1 сакавіка 2025 года. Як было заяўлена, гэтая змена мае тэставы характар і працягнецца паўгода. Калі яна скончыцца, будзе прынята рашэнне аб далейшых кроках.  

Ва ўсіх названых выпадках органы мясцовага самакіравання заяўляюць, што ўведзеныя змены не ўплываюць на жыхароў і іх доступу да паслуг. Не былі скарочаны гадзіны абслугоўвання жыхароў упраўленнямі, а проста інакш арганізавана праца. Што важна, нягледзячы на такую змену, установа будзе адкрыта для жыхароў у тыя ж гадзіны, што і раней.

Цяпер карацейшы працоўны час уводзіцца ў чарговым органе самакіравання. Пра такі крок паведаміў бургамістр Шчэцінка. Ён адзначыў, што штучны інтэлект прывядзе да таго, што будзе менш людзей, патрэбных для працы, і ў сувязі з гэтым час працы скарачацца.

У гэтым выпадку было заяўлена, што змены ў працоўным часе супрацоўнікаў не паўплываюць на камфорт жыхароў, якія займаюцца службовымі справамі. Больш за тое, пасля абвяшчэння аб увядзенні змен з 1 ліпеня 2025 года амаль знікла праблема недахопу ахвотных працаваць ва ўстанове. Колькасць вакансій значна знізілася, што, без сумневу, паспрыяе больш эфектыўнай працы чыноўнікаў. Бургамістр Шчэцінка адкрыта прызнаў, што менавіта праблема з недахопам ахвотных працаваць была адной з галоўных прычын прынятага ім рашэння. Ён заўважае, што праца ў органах самакіравання перастала быць канкурэнтаздольнай і не толькі не хапае людзей, гатовых працаваць, але і шматгадовыя супрацоўнікі вырашаюць пакінуць установу і ўладкавацца на лепш аплачваемую працу.

Як цяпер будзе выглядаць праца ў гэтай адміністрацыі? Скарочаны, 35-гадзінны працоўны тыдзень будзе заключацца ў тым, што супрацоўнікі будуць працаваць чатыры дні на тыдзень і па чарзе будуць мець у адзін месяц вольную пятніцу, у іншы — панядзелак, гэта значыць кожны раз будуць мець падоўжаныя выхадныя. Адначасова ўстанова будзе адкрыта для жыхароў такім жа чынам, як і раней — пяць дзён на тыдзень.

forsal.pl/вх