Беларуская Служба

Буферная зона на польска-беларускім памежжы падоўжана яшчэ на 90 дзён

07.06.2025 12:50
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі падпісаў распараджэнне аб падаўжэнні буфернай зоны на мяжы з Беларуссю. Яно ўступіць у сілу ў нядзелю, 8 чэрвеня.
 .
Ілюстрацыйнае фота.facebook.com/STRAZGRANICZNA

Міністр унутраных спраў і адміністрацыі падпісаў распараджэнне аб увядзенні часовай забароны на знаходжанне ў вызначанай зоне ў памежнай зоне, прылеглай да дзяржаўнай мяжы з Рэспублікай Беларусь. Гэта азначае, што буферная зона падоўжана яшчэ на 90 дзён.

Зона, на якую распаўсюджваецца забарона на знаходжанне, як і раней, будзе ахопліваць участак мяжы працягласцю 78,29 км, размешчаны ў межах тэрытарыяльнага ахопу пастоў памежнай аховы ў Міхалове, Нараўцы, Белавежы, Дубічах Царкоўных і Чэрэмхі. На ўчастку даўжынёй 59,24 км зона, на якую распаўсюджваецца забарона, знаходзіцца за 200 м ад лініі дзяржаўнай мяжы. На ўчастку даўжынёй 15,26 км, размешчаным у зоне запаведнікаў, зона шырэйшая і складае прыблізна 2 км, а на ўчастку даўжынёй прыблізна 3,79 км яе шырыня складае прыблізна 4 км.

Як растлумачылі ў Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі, гэты рэгіён уяўляе сабой лясную мясцовасць, часта балоцістую, дзе правядзенне пошукавых аперацый абцяжарана. Гэта стварае непасрэдную пагрозу жыццю і здароўю людзей, якія трапляюць туды з Рэспублікі Беларусь.

Паводле звестак міністэрства, часовая забарона на знаходжанне ў памежнай зоне таксама гарантуе бяспеку супрацоўнікаў памежнай службы, паліцыі і салдат. Пашырэнне буфернай зоны таксама мае на мэце палегчыць работы, звязаныя з мадэрнізацыяй агароджы на мяжы, і абмежаваць актыўнасць кантрабандных груп, што адпавядае міжнародным абавязацельствам Польшчы.

«Буферная зона працуе. Пасля амаль 372 дзён яе дзеяння колькасць спроб незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы скарацілася прыкладна на 28 працэнтаў. З 13 чэрвеня 2024 года па 1 чэрвеня 2025 года было зафіксавана амаль 22,5 тысячы такіх спроб. За той жа перыяд, да ўвядзення зоны, іх было больш за 31,2 тысячы», — паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі.

Забарона на знаходжанне ў пэўнай зоне ў памежнай зоне, прылеглай да дзяржаўнай мяжы з Рэспублікай Беларусь, дзейнічае з 13 чэрвеня 2024 года і распаўсюджваецца на тэрыторыю, прылеглую да польска-беларускай мяжы.

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі паведаміла, што ў 2024 годзе супрацоўнікі памежнай службы абвінавацілі 597 асоб у арганізацыі і садзейнічанні незаконнай міграцыі, у тым ліку з Украіны (280), Польшчы (87), Беларусі (50) і Грузіі (30). 155 асоб былі змешчаны пад часовы арышт.

Памежная служба на сённяшні дзень выдала 613 дазволаў на знаходжанне ў буфернай зоне. 

PAP/вх