Ужо ў аўторак, 10 чэрченя, адбудзецца старт місіі AX-4, часткай якой з'яўляецца і першая нацыянальная касмічная місія Польшчы — Ignis. Славаш Узаньскі-Вісьнеўскі стане другім палякам у гісторыі, які перакрочыць Лінію Кармана — мяжу космасу. Паляк доўга рыхтаваўся да гэтага гістарычнага палёту і неаднаразова падкрэсліваў, што з нецярпеннем чакае моманту, калі зможа паглядзець на Зямлю з арбіты.
Славаш Узаньскі-Вісьнеўскі — інжынер, які працаваў, сярод іншага, у Еўрапейскай арганізацыі ядзерных даследаванняў CERN у Швейцарыі. У лістападзе 2022 года ён стаў рэзервовым касманаўтам Еўрапейскага касмічнага агенцтва, перамогшы тысячы кандыдатаў з усяго кантынента. Ужо праз год было прынята рашэнне пра правядзенне польскай касмічнай місіі:
— Космас заўсёды натхняў і аб’ядноўваў. Спадзяюся, што місія Ignis стане нагодай для ўсіх вас зазірнуць у неба. Надасць адвагу марыць амбіцыйна і цярпліва ісці да мэты. І няхай мая місія дазволіць вам адчуць, колькі мы можам дасягнуць, калі дзейнічаем разам. Я мару пра тое, каб узяць вас усіх з сабой — 40 мільёнаў палякаў.
Падчас місіі Ignis, якая працягнецца каля двух тыдняў, Узаньскі будзе праводзіць навуковыя эксперыменты ва ўмовах мікрагравітацыі. Усе эксперыменты распрацаваныя польскімі кампаніямі і навуковымі ўстановамі.
Місія Ignis з'яўляецца часткай міжнароднай камерцыйнай місіі AX-4. Акрамя паляка, на Міжнародную касмічную станцыю паляцяць астранаўты з ЗША, Індыі і Венгрыі. Старт ракеты з мыса Канаверал у Фларыдзе, ЗША запланаваны на аўторак, 10 чэрвеня.
IAR/эж