Салдату было прад'яўлена абвінавачанне ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў 25 сакавіка 2024 года ў раёне Дубічы-Царкоўныя (Падляскае ваяводства). Удакладняецца, што правілы выкарыстання агнястрэльнай зброі ў абмежаванай ступені дазваляюць яе выкарыстанне для трывогі або выкліку дапамогі. Вайсковец жа зрабіў дванаццаць стрэлаў са сваёй табельнай зброі ўздоўж памежнай дарогі ў бок групы людзей, якія знаходзіліся на гэтай дарозе, у тым ліку ў бок мігрантаў, якія незаконна перасякалі мяжу, супрацоўнікаў памежнай службы і іншых салдат Войска Польскага.
На думку следчых, абвінавачаны салдат падвяргаў гэтых людзей непасрэднай небяспецы страты жыцця або сур'ёзнай шкоды здароўю, тым самым дзейнічаючы на шкоду іх прыватным інтарэсам і грамадскім інтарэсам.
У асобным парадку праводзілася расследаванне ў дачыненні да другога салдата, які таксама падазраецца ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў. «У сувязі з высновай, заснаванай на экспертных заключэннях, што ён знаходзіўся на лініі агню, што робіць яго дэ-юрэ і дэ-факта пацярпелым у разуменні палажэнняў крымінальнага працэсу, справа ў дачыненні да гэтага салдата была спынена без канчатковага рашэння», — паведаміў пракурор.
Калі ў сярэдзіне мінулага года справа аб стральбе на мяжы і арыштах салдат стала публічнай, гэта выклікала гарачую палітычную дыскусію. Гучалі патрабаванні адстаўкі кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны і нават прэм'ер-міністра.
PAP/вх