Беларуская Служба

Польскі гоншчык, які пасля сур'ёзнай аварыі здолеў вярнуцца ў спорт, выйграў самую прэстыжную гонку на свеце

16.06.2025 09:02
Такім чынам Роберт Кубіца ўвайшоў у гісторыю спорту.
 .
Роберт Кубіца.Фота: PAP/EPA/YOAN VALAT

Вялікае дасягненне Роберта Кубіцы (Robert Kubica). Польскі спартсмен выйграў славутую гонку «24 гадзіны Ле-Мана», якая лічыцца адной з самых прэстыжных і цяжкіх на свеце. Гоншчык сядзеў за рулём Ferrari італьянскай каманды AF Corse.

Журналіст выдання Eleven Sports Павел Баран (Paweł Baran) адзначыў у інтэрв'ю Польскаму радыё, што такім чынам Роберт Кубіца ўвайшоў у гісторыю спорту.

- Гэта адна з самых прэстыжных, калі не самая прэстыжная гонка на свеце. Гонка на доўгай дыстанцыі, якая ладзіцца ўжо звыш ста гадоў – з 1923 года. У яе выдатная гісторыя – спаборніцтва Ferrari, Ford у 60-ыя гады. Тыя, хто перамагае ў гэтай гонцы, аўтаматычна становяцца часткай гісторыі гоначнага спорту, таму што гэта вельмі цяжкае спаборніцтва, калі нават адна памылка за гэтыя 24 гадзіны можа вырашыць, ці мы пераможам, ці прайграем.

Барацьба за перамогу на 13,5-кіламетровай трасе «Серкут дэ ла Сарт» была надзвычай жорсткай. Пасля 24 гадзін гонак Ferrari з нумарам 83, за рулём якога знаходзіліся Роберт Кубіца, кітайскі гоншчык Іфэй Е і брытанец Філ Хансан, перасек фінішную адзнаку з 14-секунднай перавагай над Porsche, які заняў другое месца. Менавіта паляк лідзіраваў на апошніх кіламетрах за рулём Ferrari каманды AF Corse, даўшы італьянскай марцы трэцюю перамогу запар у Ле-Мане. Апошняя змена Кубіцы за рулём доўжылася больш за тры з паловай гадзіны.

Французскія каментатары падкрэсліваюць, што праз 14 гадоў пасля страшнай аварыі, якая паклала канец яго кар'еры ў Формуле-1, 40-гадовы паляк выйграў адну з самых прэстыжных гонак у свеце.

Гэта быў не адзіны поспех Польшчы ў ​сёлетнім Ле-Мане. У класе LMP2 упершыню перамагла польская каманда Inter Europol Competition, у складзе якой выступаў Якуб Смехоўскі з Варшавы (Jakub Śmiechowski).

IAR/нг