Адбылося пасяджэнне крызіснай групы, якая разглядае магчымасць эвакуацыі палякаў з Ізраіля. На ім абмяркоўвалася між іншым пытанне, як службы ў Польшчы могуць падтрымаць дзейнасць Міністэрства замежных спраў. Міністр унутраных спраў і адміністрацыі і каардынатар спецслужбаў Томаш Семоняк (Tomasz Siemoniak) пасля сустрэчы распавёў журналістам, што ён абмеркаваў з міністрам замежных спраў.
— Задача міністэрства ўнутраных спраў – прыняць тут людзей, якія падлягаюць эвакуацыі. Мы пра гэта размаўлялі з міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім. Пакуль што самае важнае – каб палякі як мага хутчэй прыбылі ў Польшчу. Гэтым мы цяпер займаемся.
Першы эвакуацыйны рэйс для грамадзян Польшчы, якія знаходзяцца ў Ізраілі, будзе арганізаваны на працягу наступных 48 гадзін. Эвакуацыя будзе тычыцца ў асноўным тых, хто не можа з’ехаць у выніку закрыцця паветранай прасторы і ўзмацнення кантролю. МЗС падкрэслівае, што эвакуацыя будзе тычыцца выключна тэрыторыі Ізраіля і будзе цалкам бясплатнай для польскіх грамадзян.
Гарачая фаза ізраільска-іранскага канфлікту пачалася ў пятніцу. У выніку ізраільскіх удараў па цэлях у Іране загінулі прынамсі 224 чалавекі, у тым ліку вышэйшыя вайсковыя камандзіры, навукоўцы-ядзершчыкі і мірныя жыхары. Іран адказаў серыяй ракетных абстрэлаў Ізраіля, у выніку якіх загінулі як мінімум 24 асобы.
IAR/нг