Беларуская Служба

У Польшчы будзе ўведзеная сістэма залогу за бутэлькі і бляшанкі. Ведаем, якіх тыпаў упакоўкі будуць тычыцца новыя правілы

17.06.2025 14:01
Сістэма залогу за бутэлькі і бляшанкі, якая ўводзіцца ў Польшчы, павінна павялічыць узровень пераапрацоўкі ўпакоўкі ў краіне.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. abruellmann/pixabay.com/CC0 Public Domain

З кастрычніка ў Польшчы пачне дзейнічаць сістэма залогу за бутэлькі і бляшанкі, то бок да цаны напою, на ўпакоўцы якога змешчаны спецыяльны лагатып, будзе далічаная дадатковая аплата. Кліенты атрымаюць яе назад, калі вернуць пустую ўпакоўку ў краму.

Намесніца міністра клімату і навакольнага асяроддзя Аніта Савіньска (Anita Sowińska) заявіла, што новы механізм будзе ўводзіцца паступова:

- Гэтая сістэма будзе ажыццяўляцца паступова. Па просьбе вытворцаў, мы ўвялі пераходны перыяд, каб яны маглі вывесці з рынку раней выпушчаныя тавары. Яны маюць на гэта тры месяцы, то бок да канца года.

Як адзначыла Аніта Савіньска, сістэма залогу будзе ахопліваць тры тыпы ўпакоўкі:

- Па-першае, гэта пластыкавыя бутэлькі, ёмістасцю да трох літраў. Бляшанкі да аднаго літра, а таксама шматразовыя шкляныя бутэлькі да 1,5 літра. Залог будзе складаць: 50 грошаў за пластыкавыя бутэлькі і бляшанкі, а таксама 1 злоты за шкляную шматразовую ўпакоўку.

Абавязак прымаць пустыя бутэлькі і бляшанкі распаўсюджваецца на крамы, плошчай больш за 200 квадратных метраў, а таксама на тыя, якія прадаюць напоі ва ўпакоўках са спецыяльным лагатыпам. Мэта сістэмы вяртання тары – павялічыць колькасць пераапрацаванай упакоўкі ў краіне.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

Базавая інфляцыя ў Польшчы ўпала да самага нізкага за пяць апошніх гадоў узроўню – Нацбанк Польшчы

17.06.2025 13:30
Паводле эканамістаў, гэта шанец на тое, што Рада грашовай палітыкі знізіць працэнтныя стаўкі ў Нацбанку.