Больш за 5 тысяч разоў выязджалі па выкліках пажарныя каманды ў сувязі са штармавым фронтам, які ноччу пракаціўся над Польшчай. Найбольшая колькасць інцыдэнтаў была зафіксаваная ў Сілезскім ваяводстве – 773. У Заходнепаморскім ваяводстве – 520, а ў Вялікапольскім – 508.
Па ўсёй Польшчы пажарнікі дапамагалі ў забеспячэнні пашкоджаных жылых або гаспадарчых будынкаў, паведаміў прэс-сакратар Пажарнай службы старшы брыгадзір Караль Кежкоўскі(Karol Kierzkowski):
- Практычна па ўсёй краіне пажарнікі дапамагалі выдаляць паваленыя дрэвы і зламаныя галіны, якія ўпалі на машыны, будынкі і вуліцы. Таксама адпампоўвалі ваду з затопленых будынкаў. Ёсць адна параненая асоба – гэта жанчына з горада Калобжэг, на якую ўпала галіна. Ёй аказала дапамогу служба хуткай медыцынскай дапамогі.
У горадзе Ваўч у Заходнепаморскім ваяводстве дрэва ўпала на аўтамабіль, у якім знаходзіліся чатыры чалавекі. Ніхто з пасажыраў не пацярпеў. Пажарныя каманды працягвалі працу яшчэ сёння раніцай. Яны заклікалі паведамляць пра пашкоджаныя дрэвы або галіны, якія могуць уяўляць пагрозу ў выпадку моцнага ветру.
ІAR/аз