Міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Чэслаў Сякерскі заявіў, што новая гандлёвая дамова паміж Украінай і Еўрапейскім Саюзам павінна прадугледжваць ніжэйшыя квоты на аграрную прадукцыю, чым тыя, што дзейнічалі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе. Пра гэта палітык паведаміў на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы міністраў сельскай гаспадаркі краін ЕС у Люксембургу.
— Мы не можам згадзіцца на тое, каб тарыфныя квоты заставаліся на ўзроўні часоў гандлёвай лібералізацыі, — падкрэсліў Секерскі, — нават у тым выглядзе, у якім яны былі абмежаваныя ў 2024–2025 гадах.
Пасля пачатку расійскай агрэсіі ЕС скасаваў тарыфы і квоты на ўкраінскі імпарт у мэтах падтрымкі вайсковай і эканамічнай устойлівасці краіны. Аднак з цягам часу гэта выклікала незадавальненне сярод шэрагу дзяржаў-чальцоў, найперш суседзяў Украіны, якія заявілі пра шкодны ўплыў на мясцовую сельскую гаспадарку.
Улетку 2024 года Еўракамісія ўвяла ахоўныя механізмы, у тым ліку, квоты на імпарт уразлівай прадукцыі, такой як яйкі і цукар.
На пачатку чэрвеня 2025 года гандлёвыя правілы былі вернуты да ўзроўню 2016 года — гандлёвай часткі Пагаднення аб асацыяцыі ЕС–Украіна. З таго моманту распачаліся перамовы пра новую дамову. Еўракамісар па сельскай гаспадарцы Крыстоф Гансэн адзначыў, што дакумент прадугледжвае квоты вышэйшыя за даваенныя, але менш ліберальныя, чым падчас вайны.
У сваю чаргу, міністр сельскай гаспадаркі Польшчы падкрэсліў, што ЕС чакае ад Украіны канкрэтных крокаў па гарманізацыі вытворчых стандартаў з еўрапейскімі нормамі.
PAP/эж