Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што ў бліжэйшым часе можна чакаць візіту прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў Варшаву, а таксама паездкі абранага прэзідэнта Польшчы Караля Навроцкага ў Вашынгтон.
Адказваючы на пытанні журналістаў падчас саміту НАТА ў Гаазе, Анджэй Дуда падкрэсліў, што ўмацаванне стасункаў са Злучанымі Штатамі — адзін з ключавых абавязкаў прэзідэнта Польшчы:
— Паводле многіх экспертаў, сёння Польшча мае найлепшыя адносіны з ЗША з 1989 года. Я сапраўды адчуваю, што цягам гадоў мне ўдавалася будаваць сувязі з рознымі прэзідэнтамі ЗША. Я вельмі рады, што Дональд Трамп прыняў Караля Навроцкага яшчэ як кандыдата на пасаду, калі той наведаў Белы дом. Гэта для мяне добры знак на будучыню.
Лідар Польшчы дадаў, што цалкам рэальна чакаць двух візітаў: Наўроцкага ў Белы дом і Трампа — у Варшаву. Паводле Дуды, хоць канкрэтныя даты яшчэ будуць узгоднены, абодва візіты «могуць адбыцца ўжо неўзабаве».
Нагадаем, Караль Наўроцкі павінен уступіць на пасаду прэзідэнта Польшчы 6 жніўня.
IAR/эж