Беларуская Служба

«Вельмі класна, калі беларусы аб’ядноўваюцца і разам святкуюць!» – у польскім Уроцлаве прайшло беларускае Купалле (ФОТА)

01.07.2025 13:02
Свята завяршылася спевамі ля вогнішча, а частка ўдзельнікаў засталася сустракаць світанак.
Беларускае Купалле ў польскім УроцлавеКрыніца: Ірэна Міхеева

На Апатоўскім востраве ў галоўным горадзе Ніжняй Сілезіі прайшло Купалле, якое арганізавала Суполка беларусаў Уроцлава. Свята сабрала каля 200 чалавек – беларусаў, украінцаў, палякаў і гасцей з ЗША, расказала прадстаўніца Суполкі беларусаў Уроцлава Вераніка.

- Гэта ўжо пятае Купалле, якое мы ладзім ва Уроцлаве ад Суполкі беларусаў Уроцлава. Вельмі файна, што да нас прыходзяць новыя людзі і штогод павялічваецца мерапрыемства. Можна сустрэць старых сяброў, таксама можна пазнаёміцца з новымі людзьмі. Вельмі крута, што шмат людзей, каля 20 чалавек, захацелі паваланцёрыць і моцна дапамагалі.
Для дзетак праходзілі заняткі, дзе яны плялі вянкі і кветкавыя бранзалеты, гулялі. Дарослыя маглі далучыцца да творчага майстар-класа па ткацтве на бердзечках, пазаймацца ёгай ці паўдзельнічаць у віктарыне на тэму Купалля.


. .

Падчас святкавання прайшлі абрады: дзяўчаты плялі вянкі, удзельнікі разам вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні і адпачывалі на прыродзе.

Асабліва шмат людзей сабралася на беларускія народныя танцы – яны выклікалі шмат эмоцый і жаданне далучыцца нават у тых, хто раней не танчыў. А кульмінацыяй вечара стаў выступ Аквалерыі – беларускай спявачкі, кампазітаркі і вакальнай выкладчыцы.


. .

Свята завяршылася спевамі ля вогнішча, а частка ўдзельнікаў засталася сустракаць світанак. Суполка беларусаў дзякуе ўсім, хто быў разам, і запрашае на наступныя мерапрыемствы. Гэта так файна, калі беларусы яднаюцца, сказала Вераніка.

- У наступным годзе варта дадаць больш розных актыўнасцяў, таксама паспрабаваць нешта новае, напрыклад, зладзіць новы майстар-клас. Варта запрасіць яшчэ больш людзей. Хочацца, каб усе беларусы ў адзін дзень прыйшлі на Купалле і разам святкавалі! Гэта даносіць нас да нашых каранёў, вельмі класна, калі беларусы аб’ядноўваюцца і разам святкуюць.

эг/юл/вс

здымкі: Ірэна Міхеева

. 
. 
, 
.