Беларуская Служба

Беларускі гурт Relikt перамог у конкурсе музыкаў польскага фэста Folkowisko (ВІДЭА)

11.07.2025 16:54
Беларускі калектыў Relikt стаў лепшым па версіі журы польскага фестывалю Folkowisko, які праходзіць кожнае лета на хутары Гараец у Падкарпацкім ваяводстве.
  Relikt       Folkowisko.
Беларускі гурт Relikt перамог у конкурсе музыкаў польскага фэста Folkowisko.Фота: гурт Relikt

Фестываль адбываецца ўжо 15-ы раз і прысвечаны фолку і традыцыйнай культуры.

Штогод напярэдадні фэсту арганізуецца конкурс-агляд «Новыя крыніцы» (Nowe żródła), на які прыходзяць заяўкі, без перабольшвання, з усяго свету (у гэтым годзе былі заяўкі з Італіі, Вялікабрытаніі, Фінляндыі, Беларусі, Польшчы). З дасланых заявак журы выбірае 5 выканаўцаў для агляду, які праходзіць на конкурсе імя Рафала Патоцкага (Rafał Potocki) – радыё-журналіста, які шмат год асвятляў Folkowisko у прамым эфіры Radio Rzeszów.

Пасля гэтага слухачы і журы выбіраюць лепшых. Сёлета публіка абрала польскі калектыў Traszno, а экспертнае журы – беларусаў Relikt. Абодва калектывы атрымалі пуцёўкі на фэст і магчымасць прадставіць сваю творчасць на галоўнай сцэне Folkowisko, які праходзіць 10-12 ліпеня.

Беларусы паставілі яркі фінальны фолк-рок-акорд у першы дзень фестывалю.



Relikt – беларускі гурт, які спалучае мінулае і сучаснасць, паказваючы культурную спадчыну ў нязвыклым выглядзе і робячы яе актуальнай для слухачоў, якія шукаюць нешта новае ў музыцы. Зараз каманда базуецца ў Варшаве.

У дыскаграфіі гурта – 8 студыйных альбомаў, 2 канцэртныя DVD, 13 відэакліпаў, музыка да фільма «У агні народжаная», гімн футбольнага клуба «Крумкачы».

Relikt атрымаў шэраг музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі: гран-пры і прыз глядацкіх сімпатый фестывалю Rockowisko Hajnowka і Jesien Bardów, а таксама ўзнагароды «Альбом года», «Лепшы рок-альбом», «Артыст года» і шмат іншых.

Гурт выступаў у Германіі, Нідэрландах, Літве, Эстоніі і Украіне. Акурат нядаўна музыкі завяршылі свой тур па Польшчы і краінах Еўропы.

вх