Беларуская Служба

Германія перакідае знішчальнікі ў Польшчу перад ваеннымі вучэннямі «Захад-2025»

05.08.2025 17:17
За чатыры тыдні да пачатку сумесных ваенных вучэнняў Расіі і Беларусі «Захад-2025» суседнія дзяржавы праяўляюць занепакоенасць.
Myśliwiec Eurofighter Typhoon
Myśliwiec Eurofighter TyphoonX/@Team_Luftwaffe

НАТА робіць стаўку на стрымліванне і дэманстрацыю сваёй боегатоўнасці. На ваенны аэрадром у Мінску-Мазаецкім пад Варшавай 4 жніўня прыбылі пяць нямецкіх знішчальнікаў Eurofighter 31-й тактычнай эскадрыллі. Служыць на базе будуць 150 салдат і афіцэраў Бундэсвера – пілоты, падраздзяленні сувязі і полк аховы аб'ектаў ВПС «Фрысланд».

«Гэтая місія – выразны сігнал саюзніцкай салідарнасці ўнутры НАТА, яна служыць надзейнаму стрымліванню, а таксама абароне агульнай паветранай прасторы», – заявіла прадстаўніца ВПС Нямеччыны ў інтэрвʼю BILD.

Як паведамілі ў Міністэрстве абароны Германіі, перакінутае ў Польшчу «падраздзяленне выконвае функцыю «пажарнай каманды» – хуткарэагуючага фармавання, здольнага за найкарацейшы час адрэагаваць на магчымыя парушэнні паветранай прасторы».

Знішчальнікі Eurofighter будуць аказваць падтрымку нямецкім вайскоўцам, якія з Жэшува абараняюць паветраную прастору ЕС – там размешчана два падраздзяленні сістэмы СПА Patriot. Іх падтрымліваюць таксама іншыя знішчальнікі Eurofighter нямецкай 71-й тактычнай эскадрыллі – яны з красавіка гэтага года прыкрываюць паветраную прастору над паўночнай Польшчай і Балтыйскім узбярэжжам ад расійскіх разведвальных самалётаў.

23-я тактычная авіябаза размешчана на ўсход ад Мінска-Мазавецкага і ўваходзіць у склад 1-га тактычнага авіякрыла са штаб-кватэрай у Свідвіне. У мірны час база забяспечвае лагістычную падтрымку палётаў і пралётаў ваенных самалётаў, а таксама палётаў у рамках паветраных місій. 23-я тактычная авіябаза таксама адказвае за маніторынг паветранай прасторы над краінамі Балтыі.

Паводле РАР/BILD/вх