У суботу, 16 жніўня, у Польшчы адзначаецца Дзень аплаты наяўнымі. Рафал Гурскі (Rafał Górski) з Інстытута грамадзянскіх спраў пераконвае, што аплата наяўнымі грашыма – гэта свабода, магчымасць выбару і прыватнасць. Ён звяртае ўвагу на змяншэнне колькасці банкаматаў і банкаўскіх устаноў, якія забяспечваюць абслугоўванне наяўнымі.
Эксперт нагадаў, што на гэтым тыдні Кааліцыя за наяўныя падала ў Канцылярыю Прэзідэнта два праекты законаў, мэта якіх – супрацьдзеянне выключэнню наяўных разлікаў. Першы з іх уводзіць абавязак прымаць аплату за паркоўку аўтамабіля таксама наяўнымі, а не толькі праз паркаматы. Другі праект закона датычыцца гандлёвых адносін паміж кампаніямі. Ён прадугледжвае павышэнне ліміту грашовых наяўных разлікаў паміж прадпрымальнікамі з цяперашніх 15 тыс. зл. да эквівалента 10 тыс. еўра.
Гурскі заклікае плаціць наяўнымі як мага часцей, а не толькі сёння.
IAR/нг