Беларуская Служба

У МУС Польшчы патлумачылі, як будуць прымаць дакументы беларусаў, выдадзеныя ў СССР

18.08.2025 14:19
«Уцекачы з Беларусі могуць заўсёды разлічваць на нашае падтрыманне ў Польшчы, ім надаецца абарона і неабходная дапамога», гаворыцца ў каментары Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.
  ,   .
Пасведчанне аб нараджэнні, выдадзенае ў СССР.Фота з адкрытых крыніц

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы патлумачыла ў каментары «Белсату», як мясцовыя ўпраўленні і іншыя органы ўлады павінны прымаць дакументы беларусаў, выдадзеныя ў СССР (або на бланках СССР).

У каментары, які атрымала выданне, гаворыцца, што МУСіА не ўводзіла асаблівых патрабаванняў для беларускіх дакументаў. Там адзначылі, што ў дзяржорганы Польшчы сапраўды быў дасланы тлумачальны ліст адносна такіх дакументаў, але ён не з'яўляўся кіраўніцтвам да дзеяння ў адносінах да ўсіх беларусаў, якія падаюць такія дакументы. Апастыль супрацоўнік кіравання ў праве запатрабаваць толькі на пэўны дакумент і толькі ў тым выпадку, калі ўзніклі сумневы ў яго сапраўднасці.

«Беларускія дакументы мусяць быць ацэненыя таксама, як і раней. Апастыль не павінен запытвацца ў кожным выпадку», – цытуе «Белсат» польскае ведамства.

У міністэрстве паабяцалі адправіць у інстанцыі яшчэ адзін ліст, які растлумачыць сітуацыю.

Раней паведамлялася, што польскія органы ўлады перасталі прымаць у беларусаў дакументы, выдадзеныя ў БССР, а замест іх патрабавалі сучасныя дублікаты з апастылем.

вх