Беларуская Служба

Дональд Туск прымае ўдзел у тэрміновай сустрэчы «Кааліцыі рашучых» па Украіне

19.08.2025 12:02
Адсутнасць польскіх прадстаўнікоў на мінулым саміце ў Вашынгтоне выклікала жывыя дыскусіі ў краіне. 
Donald Tusk
Donald TuskX/KancelariaPremiera

У аўторак, 19 жніўня праходзіць тэрміновае пасяджэнне «Кааліцыі рашучых» па Украіны. У ім прымае ўдзел прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Пасля сустрэчы кааліцыі адбываецца пасяджэнне Еўрапейскай рады. Абодва мерапрыемствы прысвечаныя вынікам перамоваў у Вашынгтоне, чытаем на партале gazeta.pl.

У ЗША напярэдадні адбылася сустрэча прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і лідараў Еўропы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. У Белым доме прысутнічалі кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен, генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ, канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, прэм’ерка Італіі Джорджа Мелані, прэм’ер Вялікабрытаніі Кір Стармер і прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб.

На пачатку сустрэчы канцлер Германіі заявіў, што перамовы аб міры магчымыя толькі пасля ўсталявання рэжыму спынення агню. Дональд Трамп з гэтым не пагадзіўся. Аднак рознагалоссі не перашкодзілі працы лідараў. Паводле Мерца, прэзідэнт ЗША праявіў адкрытасць і прыняў аргументы еўрапейскіх партнёраў, у тым ліку адносна неабходнасці гарантый бяспекі. Стармер у сваю чаргу адзначыў, што ў Вашынгтоне «адбыўся істотны прарыў», хоць падкрэсліў, што «нічога яшчэ не вырашана».

Адсутнасць Польшчы ў Вашынгтоне

У панядзелак прадстаўнікі ўрада і Канцылярыі Прэзідэнта Польшчы абменьваліся думкамі наконт таго, хто павінен прадстаўляць Польшчу на перамовах у ЗША. Прэзідэнт Караль Наўроцкі заявіў, што ў панядзелак «сустракаецца фармат Кааліцыі рашучых». — У гэтай кааліцыі ужо даўгі час Польшчу прадстаўляе ўрад, — сказаў прэзідэнт.

Міністры ягонай канцылярыі запэўнілі, што прэзідэнт канцэнтруецца на візіце, які ён здзейсніць у Белым доме 3 верасня.

Віцэ-прэм’ер і кіраўнік МЗС, у сваю чаргу, напісаў, што «на сустрэчы ў Белым доме запрашае прэзідэнт Злучаных Штатаў, з якім польскія прадстаўнікі руху MAGA, а таксама асабіста пан прэзідэнт Караль Наўроцкі маюць прывілеяваныя адносіны».

 У выніку на мінулым саміце ў Белым доме Польшча прадстаўлена не была.

эж