Этап у Лязане быў у гэтай «Дыяментавай лізе» ўжо 13-м, праходзіў ён у цяжкіх умовах надвор’я – на стадыён абрынулася залева. Гэта істотна ўскладніла і ўмовы для жанчын у скачках у вышыню. Але 28-гадовая Марыя Жодзік, нягледзячы на непагадзь, паказала вынік 1,91 м, паведамляе svaboda.org.
П’едэстал быў падзелены паміж трыма скакухамі. Разам з Жодзік там апынуліся 28-гадовая Крыстына Гонзэль з Нямеччыны і 29-гадовая Нікола Оліслагерс з Аўстраліі. Усе яны паспрабавалі ўзяць вышыню 1,94 м, але яна ім не скарылася. У выніку ўсе сталі на першую прыступку п’едэсталу.
Гэта першая перамога Жодзік на этапе «Дыяментавай лігі» ў кар’еры. Хаця пераможная вышыня найніжэйшая для першага месца за чатыры апошнія гады на гэтых спаборніцтвах.
Пераможца «Дыяментавай лігі» 2024 года 24-гадовая ўкраінка Яраслава Магучых этап завяршыць не здолела.
У агульным заліку па выніку ўсіх этапаў на першым месцы ідзе аўстралійка Оліслагерс, на другім месцы ейная суайчыньніца Элеанор Патэрсан, а Магучых замыкае тройку. Марыя Жодзік на 7-й пазіцыі.
Наперадзе яшчэ два этапы спаборніцтваў. У Бруселі (Бельгія) і Цюрыху (Швейцарыя).
У 2020 годзе Марыя Жодзік падпісала адкрыты ліст спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту. Але рэжым Лукашэнкі ў Беларусі ўтрымаўся, і гэта закрыла атлетцы дарогу ў нацыянальную каманду. Як і шэраг іншых спартоўцаў, яна вымушаная была пакінуць Беларусь. У 2024 годзе Жодзік дазволілі выступаць за Польшчу пасля адбытага карантыну.
У тым жа годзе Жодзік выступіла за новую краіну на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Аднак выступ стаўся няўдалым. З паказнікам толькі ў 1,83 м ураджэнка Баранавічаў хутка выбылі з барацьбы за медалі.
вх